Вадзім Саранчукоў: Партыя мае комплексную праграму па пенсійнай сістэме
У Беларусі, дзе мужчыны ідуць на пенсію ў 62 гады, а жанчыны – у 57 год, плануецца падвышэнне пенсійнага ўзросту. Такую рэкамендацыю Беларусь атрымала ад Міжнароднага валютнага фонду ў спавешчанні, прысвечаным дэмаграфічнай сітуацыі ў Цэнтральнай ды Усходняй Еўропе.
Намеснік старшыні партыі БНФ Вадзім Саранчукоў лічыць павышэнне пенсійнага ўзросту несвоечасовым:
– У партыі ёсць распрацаваная праграма па пераходзе Беларусі на накапляльна-пенсійную сістэму. Таму разглядаць асобна проста падвышэнне пенсійнага ўзросту ў сітуацыі, калі эканоміка ў краіне не дазваляе жыць на гэтую пенсію, проста немагчыма. Мы павінны разумець, што сістэма мусіць быць пабудавана такім чынам, каб кожны чалавек цягам свайго жыцця сам кантраляваў, колькі грошай ён накапляе на будучую пенсію, і сам планаваў узрост, у якім ён гатовы выйсці на адпчынак, калі ў яго дазваляе магчымасць.
На думку палітыка, падвышэнне пенсійнага ўзросту адаб’ецца на кожным грамадзяніне Беларусі:
– Падвышэнне пенсійнага ўзросту у сістэме, якая склалася, вельмі негатыўна адаб’ецца на грамадзянах, нягледзячы на тое, што гэта патрабаванне Міжнароднага валютнага фонду. Я думаю, што на сённяшні дзень гэта не самае лепшае выйсці і не самая лепшая перспектыва для Беларусі.
Паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі, пенсійны ўзрост вырасце з часам яшчэ на адзін год. Спецыялісты МВФ рэкамендавалі ўладам Беларусі павялічыць пенсійны ўзрост яшчэ больш да 65 гадоў – для ўсіх жыхароў Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя