Валавы рэгіянальны прадукт у студзені знізіўся ва ўсіх абласцях Беларусі



Валавы рэгіянальны прадукт (ВРП) у студзені 2020 года ў параўнанні са студзенем 2019-га знізіўся ва ўсіх абласцях краіны, вырас — толькі ў Менску, сведчаць звесткі Белстата.

У Віцебскай вобласці паводле вынікаў студзеня ВРП знізіўся на 2,3% і склаў 749,2 млн рублёў (доля ў ВУП — 7,2%). У Гомельскай вобласці — на 4,6%, дзе склаў 1 млрд 6,9 млн рублёў (9,7%). У Гарадзенскай вобласці ў студзені гэтага года ВРП знізіўся на 0,6% да 758,2 млн рублёў (7,3%). У Магілёўскай ВРП знізіўся на 1,3% і склаў 676,8 млн рублёў (6,5%), у Менскай — на 8,8% да 1 млрд 439 млн (13,8%), у Берасцейскай — на 1,1% да 891,7 (8,6%).

У Менску ВРП павялічыўся на 0,6% да 2 млрд 654,4 млн рублёў (25,5% у ВУП).

Неразмеркаваная частка склала 21,4% ВУП.

Згодна з вынікамі 2017 і 2018 гадоў ВРП павялічыўся ва ўсіх рэгіёнах. У 2019-м у параўнанні з 2018 годам — павялічыўся ў Менскай, Магілёўскай і Берасцейскай абласцях, а таксама ў Менску. У Гомельскай і Віцебскай абласцях ВРП не змяніўся, у Гарадзенскай — знізіўся.

Як паведамлялася, у цэлым ВУП Беларусі ў студзені знізіўся на 1,9% і склаў 10 млрд 390,9 млн рублёў.

belapan.by