Валавы ўнутраны прадукт Беларусі вырас на 2%
Валавы ўнутраны прадукт Беларусі пасля двухгадовага падзення вырас у гэтым годзе на 2%. Сусветны банк называе гэта ўмераным цыклічным аднаўленнем эканомікі.
Распавядае эканаміст Сусветнага банку Марына Сідарэнка:
– У 2017 годзе назіралася павольнае цыклічнае аднаўленне эканомікі, якое было падтрымана некалькімі фактарамі. Па-першае, назіралася паляпшэнне кан’юктуры на знешніх ранка. Па-другое, назіралася пэўнае ўмацаванне ўнутранага попыту. А таксама ўрадам і Нацыяльным банкам па-ранейшаму праводзілася асцярожная макраэканамічная палітыка. У выніку за 10 месяцаў бягучага году ВУП павялічыўся на 2%.
Паводле прагнозу Сусветнага банку, ёсць істотная рызыка, што ў наступныя гады краіна трапіць у пастку нізкага росту, то бок і ў 2018-м нас чакае не больш за тыя ж 2% прыросту.
– Нягледзячы на цыклічнае аднаўленне эканомікі, мы чакаем, што рост захаваецца вельмі павольным, каля 2% ВУП. Бо па-ранейшаму існуюць структурныя недахопы ўнутры эканомікі, якія стрымліваюць патэнцыял роста, а таксама пагаршаюць стан унутранага попыта.
Эканамісты Сусветнага банку падкрэсліваюць, што найбольшыя рызыкі для беларускай эканомікі застаюцца аднымі і тымі ж з году ў год – гэта вялікія выплаты па даўгах, нерэфармаваны дзяржаўны сектар і залежнасць ад энэргарэсурсаў і паставак сыравіны з Расеі. Траціна экспарту Беларусі – прадукты перапрацоўкі расейскай нафты.
Беларускае Радыё Рацыя