Валавы знешні доўг Беларусі дасягнуў 40 млрд долараў



 

Валавы знешні доўг Беларусі па ўсіх сектарах эканомікі за 2017 год павялічыўся на 2 млрд 416,2 млн долараў (на 6,4%) і на 1 студзеня склаў 39 млрд 932,7 млн долараў ЗША. Такія звесткі ўтрымліваюцца ў апублікаванай статыстычнай справаздачы Нацыянальнага банка. Пры гэтым суадносіны валавога знешняга доўгу да ВУП на 1 студзеня 2018 года знізіліся да 73,4% супраць 78% на пачатак 2017 года.

Летась Беларусь накіравала на абслугоўванне сукупнага знешняга доўгу (без уліку гандлёвых крэдытаў і кароткатэрміновых абавязацельстваў банкаў) 5 млрд 992,3 млн долараў. Гэта склала 16,4% экспарту тавараў і паслуг, або 11% ВУП.

У тым ліку плацяжы на пагашэнне асноўнага доўгу склалі 4 млрд 602,8 млн долараў, плацяжы па працэнтах і іншых выплатах — 1 млрд 389,5 млн долараў ЗША.

Знешні доўг органаў дзяржкіравання за 2017 год вырас на 3 млрд 105 млн долараў, або на 21,9%, і склаўся ў 17 млрд 256,3 млн долараў. На яго абслугоўванне ў 2017 годзе зрасходавана 1 млрд 688,4 млн долараў, у тым ліку плацяжы па асноўным доўгу склалі 1 млрд 43,5 млн долараў, плацяжы па працэнтах — 644,9 млн долараў.

Згодна са звесткамі Нацбанка, у разліку на душу насельніцтва Беларусі знешні доўг таксама працягвае расці. Так, на 1 студзеня 2018 года на душу насельніцтва прыпадала 4 тыс. 207 долараў ЗША валавога знешняга доўгу (на 1 студзеня 2017 года было 3 тыс. 947 долараў).

Аляксандр Лукашэнка нядаўна запатрабаваў ад урада скараціць знешні доўг. „Сёння нам трэба максімальна пазбавіцца ад знешніх даўгоў. Яны скоўваюць нашы магчымасці, асабліва сацыяльныя. Аддаваць прыблзіна 10% ВУП толькі на абслугоўванне дзярждоўгу — раскоша, якую мы не можам сабе дазволіць”, — заявіў кіраўнік дзяржавы 2 сакавіка падчас справаздачы ўрада і Нацыянальнага банка.

Валавы знешні доўг Беларусі ўяўляе сабой нявыплачаную суму фактычных наяўных і неабумоўленых абавязацельстваў, якая патрабуе выплаты асноўнага доўгу і/або працэнтаў дэбіторам і ўяўляе сабой абавязацельствы рэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь перад нерэзідэнтамі.

У адрозненне ад знешняга дзяржаўнага доўгу, які ўключае толькі абавязацельствы ўрада перад нерэзідэнтамі, валавы знешні доўг ахоплівае фінансавыя абавязацельствы перад нерэзідэнтамі ўсіх рэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь, якія падзеленыя на чатыры асноўныя сектары эканомікі: органы дзяржаўнага кіравання, органы грашова-крэдытнага рэгулявання, банкі (дэпазітныя арганізацыі, за выключэннем цэнтральнага банка), іншыя сектары (іншыя юрыдычныя і фізічныя асобы).  БелаПАН