Валер Карбалевіч: Гэта цалкам палітычнае рашэнне



Палітолаг Валер Карбалевіч распавядае пра тое, чаму распачаўся расейска-беларускі нафтагазавы канфлікт.

Нагадаем, расейскі бок заявіў, што пастаўкі нафты ў Беларусь будуць скарочаны. Віцэ-прэм’ер Расеі Аркадзь Дварковіч дадаў: “Беларускія сябры нам, на жаль, не даплочваюць за газ, у тым ліку гэта адбіваецца на бюджэце, паколькі “Газпрам” з’яўляецца буйным падаткаплацельшчыкам. Безумоўна, вымушаны шукаць кампенсацыю”.

Новы расейскі канфлікт – ён больш з вобласці эканомікі ці палітыкі?

Валер Карбалевіч: Гэта цалкам палітычны канфлікт, і расейскія афіцыйныя асобы асабліва не хаваюць гэтага. Маўляў, адказ беларускаму боку, які вырашыў сам устанаўліваць цану на газ. Так што гэта поўнамасштабная вуглявадародная вайна. Калі Расея скараціць пастаўкі нафты на 5 мільёнаў тон, то гэта будзе вельмі моцны удар па беларускай эканоміцы. Адметна, што гэтае рашэнне было прынята пасля нядаўняга візіту Пуціна ў Менск. Відавочна, што кіраўнікам краін не ўдалося вырашыць праблему. Вось афіцыйны Менск і атрымаў удар пад дых.

РР: Ці паўплываў на гэтае рашэнне Крамля той фактар, што Беларусь апошнім часам наладжвае добрыя стасункі з Захадам?

Валер Карбалевіч: Можа Маскву гэта трохі і раздражняе, але, на мой погляд, галоўная прычына ўсё ж-такі – беларускае рашэнне па газу. У Крамлі вырашылі, што беларускія ўлады паводзяць сябе нахабна, калі сам пакупнік прымае рашэнне, па якой цане яму купляць газ. І больш плаціць не хоча. Што ў такой сітуацыі Расея рабіла раней? Яна спыняла пастаўкі газа. Але праблема ў тым, што, як толькі Масква гэта рабіла, то Беларусь пачынала самастойна браць газ, які ідзе праз Беларусь у Еўропу. Хаця цяпер транзітны газапровад юрыдычна належыць “Газпраму”, але ж усё роўна “труба” знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. А для беларускіх уладаў нічога немагчымага няма. Але расейцам скандал не патрэбен, а таму быў прыняты такі асіметрычны адказ. Вы не хочаце плаціць за газ – мы вам скароцім пастаўкі нафты. 

РР: Чаму, на ваш погляд, Лукашэнка і Пуцін не дамовіліся па гэтай праблеме?

Валер Карбалевіч: Таму што кожны адстойвае свой інтарэс. Беларускі бок, знаходзячыся ў стане эканамічнага крызісу, калі патрэбны грошы, лічыць кожную капейку. А Крэмль ад такога нахабства аказаўся ў шокавым стане.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя