Валер Карбалевіч: Лукашэнка ў сваіх заявах перадусім рэагуе на харчовую вайну з Расеяй



Беларусі неабходна развіваць ды ўмацоўваць сваю абароназдаольнасць. Пра гэта ў час пасяджэння Савета Бяспекі Беларусі заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама адзначыў, што “не могуць не насцярожваць і паводзіны нашага ўсходняга брата”, што Лукашэнка хоча атрымаць выразнасць у непасрэднай размове з Пуціным.

На думку палітолага Валерыя Карбалевіча, гэтая заява тычыцца выключна гандлёвай вайны з Расеяй:

– Гэтая заява ідзе ў поўным рэзанансе з яго папярэднімі заявамі з пачатку харчовай вайны. Тут Лукашэнка, думаю, мае на ўвазе тую харчовую вайну, якая разгарнулася, ну а цяпер, здаецца, заканчваецца. Але тым не менш гэтая вайна нанесла вялікія страты беларускай эканоміцы, харчовай індустрыі, і я думаю, што менавіта пра гэта Лукашэнка і хоча пагаварыць з Пуціным.

Што тычыцца ваеннай пагрозы для Беларусі, то Лукашэнка не назваў ніякай канкрэтнай краіны. “Мы будзем берагчы свой кавалак зямлі, сваю дзяржаўнасць і сваю незалежнасць”, – заявіў Лукашэнка. Пры гэтым ён дадаў, што знешні ціск на любую краіну можа мець выключна эканамічны, а не вайсковы характар.

Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя