Валерый Барадзеня: Акцыі прадпрыемстваў беларусы не купяць – няма даверу ў народа
На думку дэпутата Палаты прадстаўнікоў, намесніка старшыні камісіі па бюджэту і фінансах Валерыя Барадзені, прапановы палепшыць эканамічнае становішча праз продаж акцый прадпрыемстваў грамадзянам краіны адарваныя ад жыцця.
Валерый Барадзеня, фота: house.gov.by
Пра гэта ён заявіў на першым паседжанні прэс-клубу Менскага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў.
— Што нам замінае сёння кожны бізнес у выглядзе акцый прадаваць у Беларусі? Адсутнасць даверу насельніцтва ў першую чаргу. Хто прадасць акцыі і чые? Вось мы тут круцімся, спрабуючы знайсці лёгкія адказы на вельмі складаныя пытанні вакол 3-4 прадпрыемстваў. Але эканоміка ж не ў гэтых 3-4 прадпрыемствах. Эканоміка ўвогуле ў тысячах прадпрыемстваў. Сёння хто-небудзь можа ў Беларусі прадаць ідэю за акцыі? Не можа. Viber можа прадаць, ці World of tanks можа быць. І тое, у Беларусі ён не прадасць.
Паводле дэпутата, патрэбна шырокая дыскусія з далучэннем самых розных бакоў, як і куды развівацца беларускай эканоміцы, але калі яна можа пачацца, Барадзеня не змог сказаць.
Беларускае Радыё Рацыя