Валютная лібералізацыя не прывядзе да дэвальвацыі рубля, лічаць эксперты



Крокі па лібералізацыі валютнага рынку не прывядуць да аслаблення курсу нацыянальнай валюты. Такое меркаванне выказалі эксперты БелаПАН, каментуючы рашэнне Нацбанка аб адмене мэтавай куплі замежнай валюты, абвешчанае на гэтым тыдні.

У Беларусі з 1990-х гадоў прадпрыемствы маглі купіць валюту толькі на мэты, вызначаныя заканадаўствам (напрыклад, для разлікаў з нерэзідэнтамі за імпартаваны тавар). Тым самым абмяжоўваўся попыт на яе.

Аналітыкі фінансавага рынку лічаць, што адмена гэтай адміністрацыйнай практыкі не акажа істотнага ўплыву на абменны курс рубля, паколькі цяпер няма высокіх дэвальвацыйных чаканняў.

„На дынаміку абменнага курсу беларускага рубля лібералізацыя валютнага рынку не паўплывае, паколькі сітуацыя сёння прынцыпова іншая, чым ў 2014 годзе, калі ў краіне назіраліся высокія дэвальвацыйныя чаканні”, — адзначыў у каментары БелаПАН старшы аналітык форэкс-брокера Forex Club Валерый Палхоўскі.

На яго думку, адмена мэтавай пакупкі і абавязковага продажу замежнай валюты — сведчанне гатоўнасці ўладаў праводзіць адказную грашова-крэдытную палітыку, якая забяспечвае ўстойлівасць курсу нацвалюты і выключае выкарыстанне манетарных інструментаў для стымулявання эканомікі.

„Магчымасці выкарыстання грашовай эмісіі для стымулявання эканомікі будуць зараз практычна цалкам выключаны”, — мяркуе Палхоўскі.

„У апошнія гады абясцэненне беларускага рубля ў адносінах да кошыка замежных валют было супастаўна са змяненнем спажывецкіх коштаў. Хутчэй за ўсё, сёлета такая карэляцыя захаваецца. Перадумоў для дэвальвацыі рубля на дзясяткі адсоткаў не відаць”, — падкрэсліў у каментары БелаПАН старшы аналітык форэкс- брокера „Альпары” Вадзім Іосуб.

На яго думку, калі крос-курсы замежных валют сёлета істотна не зменяцца, да канца 2018-га валютныя курсы будуць прыкладна наступнымі: 2,15—2,20 рубля за долар, 2,55—2,60 рубля за еўра і 3,70—3,75 рубля за 100 расейскіх.

belapan.by