Валютная выручка ад экспарту тавараў знізілася ў студзені амаль на 19%
Валютныя паступленні Беларусі ад экспарту паслуг у студзені працягвалі павялічвацца, а ад экспарту тавараў — значна зменшыліся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, сведчаць статзвесткі Нацыянальнага банка.
Так, валютная выручка ад экспарту паслуг у студзені склала 777,7 млн долараў і павялічылася на 6,7% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года (пасля росту на 11,3% у 2019 годзе), ад экспарту тавараў — склала 1,92 млрд і скараціліся на 18,7% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года (пасля зніжэння на 3,3% у 2019-м у параўнанні з 2018-м).
На думку беларускіх эканамістаў, зніжэнне валютных паступленняў ад экспарту тавараў выкліканае сітуацыяй у нафтаперапрацоўцы, якая з’яўляецца экспартна арыентаванай галіной Беларусі.
З пачатку гэтага года загружанасць беларускіх НПЗ сыравінай рэзка знізілася з-за таго, што афіцыйны Мінск не дамовіўся з расейскімі ўладамі аб умовах куплі вуглевадароднай сыравіны. Як следства, беларускія НПЗ былі вымушаныя зменшыць экспарт нафтапрадуктаў.
У 2019 годзе экспарт беларускіх нафтапрадуктаў таксама зменшыўся. Летась ён склаў у грашовым выражэнні 5,2 млрд долараў, скараціўшыся на 19,7% у параўнанні з 2018 годам.
У фізічным выражэнні экспарт нафтапрадуктаў у 2019 годзе склаў 10,5 млн тон (на 11,7% менш у параўнанні з 2018 годам). Імпарт нафты ў параўнанні з 2018 годам не змяніўся (18 млн тон). Пры гэтым у 2019 годзе быў рэзка скарочаны імпарт нафтапрадуктаў: у краіну іх паступіла 247,4 тыс. тон, што прыкладна ў 12 разоў менш, чым у 2018-м.
Аб зніжэнні экспарту нафтапрадуктаў у 2019 годзе раней папярэджваў віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка. Ён адзначаў, што паколькі Расея з 1 лістапада 2018 года абмежавала пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь, „мільён, можа паўтара мільёна тон” з экспарту нафтапрадуктаў у 2019 годзе можа „выпасці”.
У 2018 годзе Расея ўзняла пытанне аб абмежаванні паставак нафтапрадуктаў у Беларусь, матываваўшы стратамі бюджэту ў сувязі з магчымым рээкспартам нафтапрадуктаў з беларускай тэрыторыі.
Восенню 2018 года паводле вынікаў перамоў урадаў дзвюх краін віцэ-прэм’еры Беларусі Ігар Ляшэнка і Расеі Дзмітрый Казак падпісалі пратакол аб унясенні змен у міжурадавае пагадненне аб мерах па ўрэгуляванні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў галіне экспарту нафты і нафтапрадуктаў. Пратакол прадугледжвае, што з лістапада 2018 года Беларусь з Расеі можа імпартаваць толькі нафтапрадукты, якія не вырабляе сама.