Валютная выручка Беларусі абвалілася на 2 млрд. даляраў



У студзені-красавіку валютныя паступленні Беларусі склалі 8,45 мільярда даляраў і скараціліся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 2,16 мільярда даляраў. Пра гэта сведчаць статыстычныя дадзеныя Нацыянальнага банка.

Памяншэнне валютных паступленняў краіны адбылося галоўным чынам у выніку зніжэння выручкі ад экспарту тавараў і паслуг у адзначаны перыяд. Так, паводле дадзеных Нацбанка, выручка ад экспарту тавараў і паслуг у студзені-красавіку склала 8,23 млрд. даляраў і знізілася прыкладна на 2,1 млрд. даляраў (на 20,5%) у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, перадае БелаПАН.

У тым ліку выручка ад экспарту тавараў – на ўзроўні 6,5 млрд. даляраў, знізіўшыся пры гэтым амаль на 1,9 млрд. даляраў. Паступленні ад экспарту паслуг склалі 1,72 млрд. даляраў, а гэта на 231,8 млн. даляраў (на 11,6%) менш у параўнанні са студзенем-красавіком 2015 года.

Афіцыйныя статыстычныя дадзеныя пра структуру знешнеэканамічнай дзейнасці сведчаць пра тое, што зніжэнне выручкі адбылося ў выніку змяншэння экспарту транспартных і будаўнічых паслуг, якія аказваюць рэзідэнты Беларусі.

Скарачэнне валютных паступленняў Беларусі ад экспарту тавараў у бягучым годзе абумоўлена галоўным чынам зніжэннем сусветных цэнаў на нафтапрадукты і калійныя ўгнаенні.

Так, экспарт беларускіх нафтапрадуктаў за студзень-красавік склаў 1,58 млрд. даляраў і знізіўся на 865,5 млн. даляраў (на 35,3%) у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Экспарт калійных угнаенняў – на ўзроўні 565,6 млн. даляраў і скараціўся ў грашовым выражэнні на 35,4%.

Фота ria.ru