Валютная выручка Беларусі павялічылася на 3 млрд даляраў



 У першым паўгоддзі валютныя паступленні Беларусі выраслі ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 22,9%, сведчаць дадзеныя Нацыянальнага банка.

Па выніках студзеня—чэрвеня валютныя паступленні Беларусі склалі 16,9 млрд даляраў (за першае паўгоддзе 2016-га — 13,5 млрд даляраў). Рост валютнай выручкі звязаны з павелічэннем паступленняў ад экспарту.

Так, у студзені—чэрвені экспарт беларускіх тавараў склаў 13,2 млрд даляраў і вырас на 23,3%. У той жа час экспарт паслуг склаў 3,3 млрд даляраў і павялічыўся на 22,2%.

Вынікі знешнеэканамічнай дзейнасці абмяркоўваліся ў канцы ліпеня на пашыраным пасяджэнні праўлення Нацбанка. Прадстаўнікі Нацбанка там канстатавалі, што экспарт расце хутчэй, чым планаваў урад.

„Апераджальныя тэмпы росту экспарту звязаны з цэлым шэрагам фактараў. Гэта і ажыўленне эканамічнай актыўнасці ў краінах — асноўных гандлёвых партнёрах, і рост экспартных цэн у даляравым эквіваленце (у прыватнасці, у выніку ўмацавання расейскага рубля), і спрыяльная дынаміка рэальнага курсу нацыянальнай валюты, якая спрыяе падтрыманню цэнавай канкурэнтаздольнасці беларускіх тавараў на знешніх рынках”, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацбанка Дзмітрый Мурын, выступаючы на пашыраным пасяджэнні праўлення.

У 2013—2016 гадах у Беларусі назіралася скарачэнне валютнай выручкі. Пасля таго як у 2012-м валютныя паступленні краіны дасягнулі рэкордных 50,6 млрд даляраў, у 2013-м яны знізіліся да 44 млрд даляраў, у 2014-м — да 43,1 млрд даляраў і да 33 і 29 млрд даляраў у 2015—2016 гадах адпаведна.

„Кожны год прычыны скарачэння выручкі былі розныя: у 2013-м у параўнанні з 2012-м яна прасела, паколькі знік растваральны бізнес і паўстаў калійны канфлікт, у 2014-м — умацаванне беларускага рубля да расейскага прывяло да аслаблення пазіцый нашых экспарцёраў, у 2015-м — знізіліся сусветныя цэны на нафту і нафтапрадукты, у 2016-м — Расея скараціла пастаўкі нафты ў нашу краіну”, — патлумачыў у гутарцы з БелаПАН дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.