Валютная выручка Беларусі ў студзені-ліпені скарацілася амаль на 4 млрд долараў



Валютная выручка Беларусі ў студзені—ліпені склала 20.032,6 млн долараў і знізілася на 3.970,4 млн долараў, або на 16,5%, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, сведчаць статыстычныя дадзеныя Нацбанка.

У тым ліку выручка ад экспарту тавараў скарацілася на 20,3% да 14.484,6 млн долараў, выручка ад экспарту паслуг — на 4,89% да 5.054,2 млн долараў.

Асобна ў ліпені валютная выручка склала 3.547,3 млн долараў і паменшылася ў параўнанні з аналагічным месяцам мінулага года на 7,9%.

На думку экспертаў, зніжэнне валютнай выручкі будзе мець негатыўныя наступствы. „Многія беларускія прадпрыемствы прыцягвалі валютныя крэдыты, і натуральна, што скарачэнне валютнай выручкі негатыўна адбіваецца на мікраўзроўні — на магчымасцях прадпрыемстваў плаціць па крэдытах, павышаць зарплату і ўжо тым больш рэалізоўваць інвестыцыйныя праекты”, — адзначыла ў каментары БелаПАН навуковы дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Ірына Тачыцкая.

Акрамя таго, яна звярнула ўвагу, што скарачэнне валютнай выручкі прывяло да зніжэння даходаў беларускага бюджэту, у які залічваюцца вывазныя пошліны на нафту, нафтапрадукты і калійныя ўгнаенні, а таксама падатак на прыбытак прадпрыемстваў-экспарцёраў.

На думку экспертаў, значнае скарачэнне валютнай выручкі ў бягучым годзе абумоўленае ўплывам некалькіх фактараў: памяншэннем паставак расійскай нафты ў Беларусь у першым квартале; скарачэннем знешняга попыту на беларускія тавары і паслугі з-за пандэміі; зніжэннем кошту ў свеце сыравінных тавараў (нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў), якія экспартуе Беларусь.

Міжнародныя фінансавыя арганізацыі прагназуюць, што з-за змяншэння знешняга попыту на беларускія тавары і паслугі эканоміка краіны ў 2020 годзе прыкметна скароціцца.

Так, Сусветны банк прагназуе зніжэнне ВУП Беларусі сёлета на 4%, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця — на 5%, Міжнародны валютны фонд — на 6%. Між тым Міністэрства эканомікі разлічвае не дапусціць зніжэння ВУП у бягучым годзе і чакае аднаўлення эканомікі ў другім паўгоддзі.

belapan.by