Валютная выручка Беларусі ў студзені-верасні скарацілася на 4,5 млрд даляраў



У студзені—верасні валютная выручка Беларусі склала 26,5 млрд даляраў і зменшылася ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 4,5 млрд даляраў, або на 14,5%, сведчаць афіцыйныя статзвесткі.

У тым ліку выручка ад экспарту тавараў склала 19,4 млрд даляраў і зменшылася на 17,1%, або на 4 млрд даляраў, выручка ад экспарту паслуг склала 6,45 млрд даляраў і скарацілася на 6,4%, або на 444 млн даляраў ЗША.

На думку экспертаў, значнае скарачэнне валютнай выручкі сёлета абумоўленае ўплывам некалькіх фактараў: змяншэннем паставак расійскай нафты ў Беларусь у першым квартале; скарачэннем знешняга попыту на беларускія тавары і паслугі з-за пандэміі; зніжэннем кошту ў свеце сыравінных тавараў (нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў), якія экспартуе Беларусь.

Міжнародныя фінансавыя арганізацыі прагназуюць, што з-за змяншэння знешняга попыту на беларускія тавары і паслугі эканоміка краіны ў 2020 годзе скароціцца. Так, Сусветны банк прагназуе зніжэнне ВУП Беларусі сёлета на 4%, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця — на 3%, Міжнародны валютны фонд — на 3%.

Між тым Міністэрства эканомікі Беларусі разлічвае не дапусціць зніжэння ВУП сёлета і чакае аднаўлення эканомікі ў другім паўгоддзі. За студзень—верасень ВУП Беларусі знізіўся на 1,3%.

Беларускія эканамісты мяркуюць, што скарачэнне валютнай выручкі сёлета будзе мець негатыўныя наступствы.

„Многія беларускія прадпрыемствы прыцягвалі валютныя крэдыты, і натуральна, што скарачэнне валютнай выручкі негатыўна адбіваецца на мікраўзроўні — на магчымасцях прадпрыемстваў плаціць па крэдытах, павышаць зарплату і ўжо тым больш рэалізоўваць інвестыцыйныя праекты”, — адзначыла ў каментары БелаПАН навуковы дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Ірына Тачыцкая.

Яна таксама звярнула ўвагу, што скарачэнне валютнай выручкі прывяло да зніжэння даходаў беларускага бюджэту, у які залічваюцца вывазныя пошліны на нафту, нафтапрадукты і калійныя ўгнаенні, падатак на прыбытак прадпрыемстваў-экспарцёраў.

У студзені—верасні паступленні падатку на прыбытак склалі 298,9 млн рублёў і скараціліся на 506,8 млн рублёў, або больш чым у 2,5 разы ў параўнанні з узроўнем аналагічнага перыяду мінулага года. Даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці ў студзені—верасні склалі 2,73 млрд рублёў і зменшыліся на 776,5 млн рублёў, або на 22,2% у параўнанні з паказчыкам студзеня—верасня 2019 года.

belapan.by