Валютная выручка Беларусі вырасла на 3,8 млрд долараў
У студзені—ліпені валютная выручка Беларусі склала 23,6 млрд долараў і вырасла на 19,2%, або на 3,8 млрд долараў, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, сведчаць дадзеныя Нацбанка.
Асноўная прычына росту валютных паступленняў — павелічэнне выручкі ад экспарту беларускіх тавараў і паслуг.
Паступленні ад экспарту тавараў у студзені—ліпені склалі 18,4 млрд долараў і выраслі ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 19%, або на 2,95 млрд долараў.
Валютныя паступленні краіны ад экспарту паслуг склаліся ў памеры 4,68 млрд долараў і выраслі на 804,1 млн долараў, або на 20,7% у параўнанні са студзенем—ліпенем мінулага года.
Нагадаем, у 2017 годзе валютная выручка Беларусі склала 36,2 млрд долараў і павялічылася на 6,6 млрд долараў у параўнанні з пазамінулым годам, або на 22,3%.
У 2013—2016 гадах валютная выручка Беларусі пастаянна зніжалася. Яе рост у апошні час беларускія эканамісты тлумачаць паляпшэннем знешняй кан’юнктуры.
„Асноўныя прычыны росту валютнай выручкі Беларусі — рост цаны на нафту, а таксама аднаўленне расійскай эканомікі, што спрыяла павелічэнню экспарту беларускай прадукцыі ў Расію”, — адзначыла ў каментары БелаПАН навуковы дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Ірына Тачыцкая.
Пры гэтым эксперты звяртаюць увагу, што рост экспартнай выручкі адбыўся шмат у чым за кошт сыравінных тавараў (паліва, мяса, малако), якія маюць параўнальна нізкі дададзены кошт.
„Неабходна мяняць структуру беларускага экспарту. Гэта стратэгічная задача. З гэтага вынікае, што трэба ствараць спрыяльныя ўмовы для прыватных інвестыцый у прамысловы сектар эканомікі”, — мяркуе намеснік старшыні Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Георгій Грыц.
Эксперты Сусветнага банка, а таксама беларускія эканамісты лічаць, што дынаміка экспарту (і адпаведна валютнай выручкі) будзе аказваць вызначальны ўплыў на траекторыю развіцця беларускай эканомікі.