Валютны курс: што далей?
Эканаміст Леў Марголін прагназуе, што чакае беларускі рубель пасля выбараў.
Сёння даляр і еўра ўмацаваліся. На таргах Беларускай валютна-фондавай біржы 24 верасня курс беларускага рубля знізіўся да даляра ЗША на 70 рублёў – да 17.672 рублёў, курс еўра вырас на 214 рублёў – да 19.793 рублёў.
Леў Марголін: Думаю, у бліжэйшы час рэзкіх скачкоў на валютным рынку не будзе. Мы бачым, што Нацбанк не вельмі стараецца трымаць рубель, а часовае зніжэнне еўра нас не вельмі тычыцца, бо гэта ўзаемаадносіны еўра і даляра на сусветным рынку. Даляр падаў, зараз паступова падымаецца, але, магчыма, гэта звязана з тым, што 20-га чысла кожнага месяца – перыяд выплаты падаткаў, а значыцца ўсім патрэбны рублі. Не выключана, што такая карціна будзе назірацца і надалей – напачатку і напрыканцы месяца даляр будзе расці, а ў сярэдзіне можа прытармазіць альбо крыху знізіцца. Ніякіх абставін, якія б маглі карэнным чынам змяніць сітуацыю на валютным рынку, няма.
РР: Беларускі рубель будзе зніжацца і надалей?
Леў Марголін: Магчыма, і не вельмі хутка, але зніжацца будзе. Тыя тэндэнцыі, якія дзейнічалі ў жніўні, працягваюцца.
РР: Нацбанк не раз заяўляў, што адміністрацыйным чынам валютны курс рэгулявацца не будзе. Ці варта гэтаму верыць?
Леў Марголін: Зусім так не бывае, каб Нацбанк зусім заставаўся збоку. Проста меры сталі больш тонкімі. Гэта ўжо не сякера, а скальпель. Але зусім Нацбанк не можа не ўмешвацца ў гэтую справу, бо ёсць розныя спекулятыўныя моманты ў адносінах да рубля і даляра. Нацыянальны банк павінен іх карэктаваць, але незаўважна. Думаю, што яму гэта ўдаецца.
РР: У некаторых людзей ёсць такое меркаванне, што пасля выбараў рубель абавязкова чакае абвал.
Леў Марголін: Мы і ў жніўні бачылі даволі моцнае аслабленне рубля, хоць да выбараў яшчэ заставалася некалькі месяцаў. Таму ў гэтых масштабах (10-12 адсоткаў) можа быць падзенне і пасля выбарчай кампаніі. На мой погляд, калі беларускі рубель і будзе паслабляцца, то вось такімі тэмпамі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя