Валютныя дэпазіты насельніцтва за травень скараціліся на 70 млн даляраў
Тэрміновыя валютныя дэпазіты фізічных асоб за травень зменшыліся на 70,8 млн даляраў, сведчаць статдадзеныя Нацыянальнага банка.
Паводле дадзеных рэгулятара, на 1 чэрвеня ў банках аб’ём тэрміновых валютных дэпазітаў фізічных асоб складаў 5.767,8 млн даляраў і паменшыўся за травень на 1,2%. Аб’ём тэрміновых рублёвых дэпазітаў на 1 чэрвеня склаў 5.037, 9 млн рублёў і павялічыўся за травень на 14,1 млн рублёў.
Прытым за апошнія тры месяцы (сакавік—травень) тэрміновыя рублёвыя дэпазіты насельніцтва зменшыліся на 257 млн рублёў, або на 4,9%. У той жа час тэрміновыя валютныя дэпазіты за апошні квартал зменшыліся на 404,6 млн даляраў, або на 6,6%.
Вынікі апытання, праведзенага па замове Нацыянальнага банка ў маі гэтага года, сведчаць, што насельніцтва аддае перавагу захоўваць зберажэнні наяўнымі, а не ў выглядзе банкаўскіх дэпазітаў.
Так, падчас травеньскага апытання толькі 13,9% рэспандэнтаў заявілі, што аддаюць перавагу захоўваць зберажэнні на банкаўскім дэпазіце (у лютым пра гэта заяўлялі 17,3% апытаных). Аб перавазе захоўваць зберажэнні наяўнымі ў траўні заявілі 39,5% апытаных супраць 33,4% у лютым.
Зберажэнні беларусы аддаюць перавагу рабіць у замежнай валюце. Аб гатоўнасці захоўваць зберажэнні ў нацвалюце ў траўні і ў лютым заявілі 19,4%, на карысць замежнай валюты выказаліся 80,6% апытаных.
Як паведамлялася, банкі па валютных дэпазітах прапаноўваюць даходнасць у межах 1—2% гадавых, даходнасць па рублёвых дэпазітах дасягае 13,5% гадавых. Пры гэтым варта адзначыць, што за студзень—травень курс долара ў краіне вырас на 12,9%.
belapan.by