Валютныя рэзервы скараціліся, перад Лукашэнкам тры шляхі…
Золатавалютныя рэзервы Беларусі хутка скарачаюцца, што вельмі небяспечна для краіны. Гэта вынік негатыўных працэсаў у беларускай эканоміцы, якія сталі яшчэ больш відавочнымі ў першай палове гэтага года. Нацыянальны банк Беларусі паведаміў, што кожны месяц беларуская эканоміка губляе ад 200 да 500 мільёнаў даляраў. І залежыць гэта ад розных фактараў.
Памяншэнне запасаў абумоўлена неабходнасцю пагашаць крэдыты, а таксама ростам попыту на валюту сярод прадпрыемстваў і грамадскасці.
На думку эканамічнага эксперта Беларускага Радыё Рацыя, у выпадку далейшага зніжэння валютных рэзерваў уладам прыйдзецца выбраць адзін з трох варыянтаў вырашэння гэтай сітуацыі. Аднак кожны з іх, як адзначае эксперт, спрычыніцца ў далейшым да трывожных наступстваў. Па-першае, гэта дэвальвацыя беларускага рубля, атрыманне новага замежнага крэдыту або продаж дзяржаўных актываў (заводаў, прадпрыемстваў).
Тым часам Аляксандр Лукашэнка заклікаў беларусаў, каб яны не скуплялі даляры, еўра і іншую замежную валюту. Кіраўнік краіны запэўніў, што беларусы не павінны баяцца дэвальвацыі, бо ўлады паставілі перад сабой мэту – прадухіліць перагібы на валютным рынку.
«Вы бегаеце па абменных валютных пунктах і чакаеце нейкай дэвальвацыі. У сваю чаргу я раю вам не рабіць гэтага і не чакаць дэвальвацыі», – сказаў кіраўнік Беларусі.
А ў той час насельніцтва краіны цягам больш пяці месяцаў купляе валюты больш, чым прадае. У асноўным, гэта даляры, еўра і расейскія рублі. Многія эксперты лічаць, што ў Беларусі дэвальвацыя непазбежная. І можна толькі здагадвацца, калі яна наступіць.
Беларускае Радыё Рацыя