Валютныя ўклады насельніцтва змяншаюцца
За паўгады тэрміновыя валютныя ўклады насельніцтва зменшыліся на 490 мільёнаў даляраў, сведчаць дадзеныя Нацыянальнага банка. У ліпені на рынку дэпазітаў працягнулася тэндэнцыя скарачэння валютных укладаў насельніцтва і павелічэння рублёвых.
На 1 жніўня тэрміновыя рублёвыя ўклады насельніцтва ў банкаўскай сістэме склалі 3 мільярды 820 мільёназ рублёў. З пачатку года яны павялічыліся на 14%. У той жа час тэрміновыя валютныя дэпазіты насельніцтва на 1 жніўня склаліся на ўзроўні 6 мільярдаў 200 мільёнаў даляраў і знізіліся з пачатку года на 7%.
Па словах банкіраў, найбольш забяспечаная частка ўкладчыкаў разглядае альтэрнатыўныя дэпазітам варыянты размяшчэння валютных зберажэнняў. У прыватнасці, па дадзеных банкаў, частка ўкладчыкаў сталі інвеставаць зберажэнні ў замежныя каштоўныя паперы, выкарыстоўваючы ў якасці пасрэднікаў камерцыйныя банкі Беларусі.