Васіль Мацюшэўскі можа ўзначаліць адзін з банкаў



Былы першы віцэ-прэм’ер Васіль Мацюшэўскі можа ўзначаліць адзін з беларускіх банкаў.

Паводле інфармацыі ў банкаўскіх колах, 13 верасня Мацюшэўскі прайшоў кваліфікацыйную камісію Нацыянальнага банка. Камісія пацвердзіла, што былы першы віцэ-прэм’ер адпавядае кваліфікацыйным патрабаванням, якія выстаўляюцца да кіраўнікоў і намеснікаў кіраўніка банка.

Удзельнікі фінансавага рынку таксама паведамілі БелаПАН, што паспяхова прайшоў кваліфікацыйную камісію Нацбанка прэм’ер-міністр Сяргей Румас. Камісія пацвердзіла яго кваліфікацыю ў якасці члена назіральнага савета банка.

13 верасня паспяхова прайшла атэстацыю ў Нацбанку і Таццяна Сасноўская, якая з 2013 года была першым намеснікам старшыні праўлення Банка развіцця. Камісія прызнала, што Сасноўская адпавядае кваліфікацыйным патрабаванням, якія выстаўляюцца да кіраўнікоў банка.

Пасля прызначэння старшыні праўлення Банка развіцця Сяргея Румаса прэм’ер-міністрам у жніўні Сасноўская стала выконваць абавязкі кіраўніка гэтай установы.

Удзельнікі фінансавага рынку мяркуюць, што пасля паспяховага праходжання атэстацыі ў Нацбанку Сасноўская можа заняць пасаду старшыні праўлення Банка развіцця, а кіраўніком назіральнага савета гэтага банка стане прэм’ер-міністр Сяргей Румас (кіраўнік урада раней узначальваў назіральны савет Банка развіцця).

Удзельнікі фінансавага рынку таксама мяркуюць, што былы першы віцэ-прэм’ер Беларусі Васіль Мацюшэўскі можа ўзначаліць адзін з камерцыйных банкаў. У 2010—2014 гадах, да прыходу ва ўрад, Мацюшэўскі кіраваў „БПС-Ашчадбанкам” (даччыны банк расійскага „Ашчадбанка”).

Мацюшэўскі нарадзіўся ў 1969 годзе, неўзабаве пасля заканчэння Белдзяржуніверсітэта ў 1990-х гадах прыйшоў на працу на дзяржслужбу і ў 1994-м пачаў кар’еру ў Нацбанку, у якім у 2001—2010 гадах займаў пасаду намесніка старшыні праўлення. Затым перайшоў у „БПС-Ашчадбанк”, заняўшы пасаду старшыні праўлення. У канцы 2014 года Мацюшэўскі быў прызначаны першым віцэ-прэм’ерам Беларусі. На гэтай пасадзе ён працаваў да жніўня 2018 года.

Як паведамлялася, Аляксандр Лукашэнка адправіў у жніўні гэтага года ўрад, у якім працаваў Мацюшэўскі, у адстаўку. Нагодай паслужыла сітуацыя ў Аршанскім раёне Віцебскай вобласці. Кіраўнік дзяржавы абвінаваціў урад у тым, што ён праігнараваў яго даручэнні па развіцці прадпрыемстваў у гэтым рэгіёне.   БелаПАН