Васіль Шлындзікаў: Большасць айчынных прадпрыемстваў вырабляюць толькі дым
Больш паловы беларускіх прадпрыемстваў з’яўляюцца стратнымі. Аб тым, чаму айчынныя вытворцы не могуць эфектыўна працаваць, і навошта дзяржава іх утрымлівае за свой кошт, разважае экс-прэзідэнт буйнейшага беларускага акцыянернага таварыства “Амкадор” Васіль ШЛЫНДЗІКАЎ.
55% прадпрыемстваў у студзені-жніўні 2014 году былі нерэнтабельнымі ці нізкаэфектыўнымі, сведчаць афіцыйныя звесткі статыстыкі. Чаму так атрымалася?
Васіль Шлындзікаў: Галоўная бяда беларускіх прадпрыемстваў – праблема канкурэнтаздольнасці. А гэта ў сваю чаргу поўнасцю забівае ініцыятыву тых людзей, якія кіруюць прадпрыемствамі і працуюць на іх. Гэта значыць, што ў першую чаргу неабходна змяняць эканамічную сістэму ў краіне. Аб чым ідуць размовы доўгія гады.
РР: Атрымоўваецца, што гэтыя прадпрыемствы, якія працуюць сабе ва ўрон, сядзяць на шыі ў дзяржавы?
Васіль Шлындзікаў: Так. Я ў свой час неяк сказаў, што большасць айчынных прадпрыемстваў вырабляюць толькі дым. Часам менш, іншым разам – больш… А тыя, хто на паперы і мае нейкі прыбытак, усё роўна бедныя. А там дзе беднасць – развіцця няма. Значыцца заўтра і там з’явяцца праблемы. Так што нас чакае вельмі сур’ёзны крызіс у прамысловасці.
РР: А як жа мадэрнізацыя, якую ўлады распачалі?
Васіль Шлындзікаў: Эфект ад мадэрнізацыі зводзіцца практычна да нуля з-за адсутнасці той жа ініцыятывы людзей. Баяцца ж памыліцца. Зараз вось ідзе суд над экс-генеральным дырэктарам “Барысаўдрэва”, які быццам бы і праваліў мадэрнізацыю. Я толькі не магу зразумець – за што на самай справе яго судзяць. Аказваецца, следчы вымушаны разбірацца – ці той кацёл купіў дырэктар. Як быцам следчы – вялікі спецыяліст у катлах. Але ж у нас так атрымоўваецца. Дарэчы, калі гэтага чалавека пасадзяць, то ў мяне ёсць прапанова. Калі пракурор і следчыя разабраліся ў праблемах мадэрнізацыі “Барысаўдрэва”, то значыцца яны ведаюць, як трэба правільна кіраваць. Вось прызначылі б, скажам, суддзю гендырэктарам гэтага прадпрыемства, а пракурора і следчага намеснікамі. І, калі праз год сітуацыя не палепшыцца, то пасадзіць іх на той жа тэрмін. Але, як кажуць, усё было б так смешна, каб не было так сумна.
РР: Навошта дзяржава ўтрымлівае стратныя прадпрыемствы? Каму такія патрэбныя?
Васіль Шлындзікаў: Відаць, людзі проста хочуць кіраваць. Гэта як чамадан без ручкі. І несці цяжка, і кінуць шкада.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя