Васіль Шлындзікаў: Будуць браць крэдыты, каб падняць заробкі



Былы кіраўнік прадпрыемства “Амкадор” Васіль Шлындзікаў распавёў пра тое, як дырэктары заводаў вымушаны будуць выконваць “генеральную лінію партыі”, і да чаго гэта можа прывесці.

Першы віцэ-прэм’ер Беларусі Аляксандр Турчын заявіў, што да 1 ліпеня гэтага году не павінна быць прадпрыемстваў, на якіх заробкі былі б ніжэй за 400 рублёў.

Васіль Шлындзікаў: Калі б заробкі раслі па адміністрацыйных загадах, то мы б сёння ўжо зараблялі, як у Швейцарыі. Але задача пастаўлена – будуць выконваць. Хаця б на паперы. Не выключаю, што некаторыя прадпрыемствы нават крэдыты возьмуць, каб не псаваць паказчыкі. І будуць пасля гэтага ціха чакаць банкруцтва.

РР: Каму патрэбныя штучныя заробкі?

Васіль Шлындзікаў: Таму, хто аддае такія загады. Уладзе ж трэба спадабацца народу і паказваць людзям, як у нашай краіне клапоцяцца пра простага чалавека. Паказваць, што гэта дрэнны дырэктар завода не хоча даваць грошай чалавеку, пакуль начальнік не патрасе кулаком. Вось такія ў Беларусі спектаклі ставяць.

РР: Перадвыбарчая прэзідэнцкая кампанія пачалася?

Васіль Шлындзікаў: Можа быць, ужо і пачалася. У свой час людзям абяцалі, што яны будуць жыць пры камунізме, і тыя партыйныя босы, хто быў пры ўладзе і даваў такія абяцанні, дарэчы, свайго не ўпусцілі і пэўнага камунізма ў сваёй кватэры дасягнулі за кошт іншых. Таму чаму б і зараз не паабяцаць нешта людзям? Катэдж у Драздах не забяруць, калі абяцанне не будзе выканана.

Шкада ў такой сітуацыі кіраўнікоў прадпрыемстваў, але, як кажуць, калі гуляеш з шулерам, не варта скардзіцца на пройгрыш. А наступствы для дырэктараў прадпрыемстваў могуць быць самыя розныя – аж да турмы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя