Васіль Шлындзікаў: Дырэктары прадпрыемстваў – закладнікі сітуацыі



Былы кіраўнік прадпрыемства “Амкадор” Васіль Шлындзікаў распавёў пра тое, чаму на прадпрыемствах з дзяржаўнай уласнасцю нізкая прадукцыйнасць працы.

Прэм’ер-міністр Сяргей Румас канстатаваў, што ў сярэднім прадукцыйнасць працы на прадпрыемствах з дзяржаўнай уласнасцю ніжэйшая, чым на прыватных прадпрыемствах або прадпрыемствах з удзелам замежнага капіталу.

Васіль Шлындзікаў: Прэм’ер-міністр, як кажуць, Амерыку не адкрыў. Менеджмент і кіраўніцтва дзяржаўных прадпрыемстваў звязаны рознымі інструкцыямі і правіламі ад нашых вялікіх спецыялістаў па запуску заводаў. Акрамя таго, няма матывацыі ў супрацоўнікаў у адрозненне ад прыватных фірмаў. Уласна кажучы, прыватныя прадпрыемствы наогул больш эфектыўныя ва ўсім свеце. Дзяржава – гэта самы дрэнны ўласнік.

РР: Але ж і на дзяржаўных прадпрыемствах ёсць талковыя менеджары…

Васіль Шлындзікаў: Безумоўна, але ў нас яны – закладнікі сітуацыі. Многія проста баяцца праявіць ініцыятыву і зрабіць памылку, бо за гэта нярэдка можна патрапіць за краты. Такія выпадкі ўжо былі. А каму хочацца адправіцца ў турму толькі за тое, што хацеў зрабіць лепш? Таму лепш ужо сядзець ціха і збоку назіраць за сітуацыяй. У нас любая ініцыятыва караецца. Гэта ўжо стала правілам, таму многія дырэктары асцярожнічаюць. Уся ініцыятыва забітая дзяржавай.

РР: Калі прэм’ер-міністр прызнае эфектыўнасць працы прыватных прадпрыемстваў, можа тады варта было б дзяржаўныя перадаваць у рукі прыватнікаў?

Васіль Шлындзікаў: Пра гэта ўжо больш за 20 гадоў ідзе размова, і гэта сёння проста неабходна рабіць. Але ў нас улада лічыць інакш. Таму такі і вынік. Дзяржаўныя прадпрыемствы вымушаны даціравацца і ўтрымлівацца за кошт народа.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя