Васіль Шлындзікаў: Ідзе знішчэнне эканамічнай эліты



Былы кіраўнік прадпрыемства “Амкадор” Васіль Шлындзікаў распавядае, чаму ён падтрымлівае ініцыятыву бізнесменаў.

Нагадаем, што прадстаўнікі бізнеса выказаліся за тое, каб сілавыя ведамствы менш выкарыстоўвалі такую меру, як утрыманне пад вартай. Маўляў, гэта падрывае дзейнасць кампаніі, што нярэдка прыводзіць да яе банкруцтва. І ўвогуле, ствараецца не самы лепшы імідж для развіцця бізнеса ў краіне.

Васіль Шлындзікаў: Я цалкам падтрымліваю ініцыятыву прадстаўнікоў бізнеса. Вось, напрыклад, ва Украіне ў гэтым плане таксама ёсць праблема, але з іншага боку – пасадзіць бізнесмена складана за эканамічныя злачынствы, бо адкупляюцца.

Але там можна ўнесці залогавую суму і падчас папярэдняга следства знаходзіцца дома. І няхай следства далей разбіраецца – вінаваты ён альбо не вінаваты? Навошта людзей у ізалятары трымаць, калі яшчэ не даказана яго віна?

Такім чынам у нас адбываецца знішчэнне эканамічнай эліты грамадства. Сякуць сук, на якім сядзяць, знішчаюць тых, хто корміць.

РР: У камеры следчага ізалятара бізнесмены, напэўна, лепш ідуць на кантакт са следствам…

Васіль Шлындзікаў: А без ізалятара нельга праглядзець бухгалтарскія дакументы? Падчас рэвізіі ўсё бачна, што адбываецца на фірме альбо прадпрыемстве. Ці арышт патрэбен дзеля таго, каб выбіваць паказанні на іншых? Так, пад ціскам можна не толькі іншых, але і сябе агаварыць.

Паўтаруся, такім чынам знішчаецца бізнес. Калі кіраўніка кідаюць у ізалятар, як правіла, яго кампанія гіне. Альбо ёй можа завалодаць нехта іншы, хто ў гэтым зацікаўлены. Урон можа быць на капейку, а затым страты, у тым ліку, і для дзяржавы – на мільёны. Бізнес знікае, падаткі не паступаюць, людзі застаюцца без працы. Таму, нават калі ў вас ёсць пытанне да людзей па эканамічных злачынствах, то рабіце ўсё цывілізавана, а не так, як у феадальнай дзяржаве.

РР: Чаму ў сілавікоў такая цікавасць да бізнесменаў?

Васіль Шлындзікаў: Для сілавікоў бізнесмены – смачны кабанчык. Па-першае, можна лёгка зарабіць зорачкі на пагонах. Таму нярэдка спачатку бяруць чалавека, а пасля ўжо шукаюць доказы яго вінаватасці. А ў рэальнасці аказваецца, што такім чынам сілавыя структуры самі наносяць урон дзяржаве.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя