Васіль Шлындзікаў: Навошта знішчаць эканамічную эліту?
Былы кіраўнік прадпрыемства “Амкадор” Васіль Шлындзікаў пракаментаваў пераслед і вызваленне галоўнага інжынера Менскага завода колавых цягачоў Андрэя Галавача.
Нагадаем, што днямі Першамайскі раённы суд Менска апраўдаў па ўсіх выстаўленых абвінавачаньнях галоўнага інжынера Менскага завода колавых цягачоў Андрэя Галавача. Дзяржаўны абвінаваўца запрасіў для Галавача 9 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Мужчына больш за чатыры гады знаходзіўся ў СІЗА, па першай справе суд ужо выносіў яму апраўдальны прысуд, але на яго ізноў завялі крымінальную справу.
Васіль Шлындзікаў: Тое, як вялося следства, і як практычна невінаватага чалавека трымалі больш за чатыры гады ў ізалятары, характаразуе беларускую сістэму, калі некаму так хочацца атрымаць зорачкі на пагоны, што дзеля гэтага не грэбуюць ніякімі метадамі. Каго яны знішчаюць? Найперш тых, хто працуе на гэтую краіну, стваральнікаў. Але сістэму гэта не цікавіць, ёй цікава справаздачнасць. Увогуле, гісторыя Андрэй Галавача проста ўнікальная. Асабіста я не чуў, каб такія выпадкі здараліся дзесьці яшчэ ў свеце. Гэта ўмець трэба – каля пяці гадоў пратрымаць чалавека за кратамі ні за што.
Я лічу, што за эканамічныя злачынствы чалавек наогул не павінен сядзець у СІЗА. Няхай ён знаходзіцца пад хатнім арыштам, каб мець магчымасць каменсаваць урон, калі вінаваты. Але навошта знішчаць эканамічную эліту грамадства?
РР: Дык барацьба ж з карупцыяй ідзе…
Васіль Шлындзікаў: Трэба змяняць сістэму, каб менш было карупцыянераў. Там, дзе прыватная гаспадарка, мала карупцыі на прадпрыемстве. А вось у дзяржаўных структурах гэтага хапае. І атрымліваецца, што сярод кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў карупцыянеры ледзь не праз аднаго.
Так што ў хуткім часе пацыентаў лячыць будуць пракуроры, і эканоміку падымаць будуць таксама яны. Былы намеснік генеральнага пракурора Архіпаў, які таксама патрапіў за краты, а затым яго паслалі ўзначальваць калгас, думаю, добра ведае, што гэта такое – кіраваць гаспадаркай.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя