Васіль Шлындзікаў: Няма ўжо каму ваяваць…
Былы кіраўнік буйнога прамысловага прадпрыемства “Амкадор” Васіль Шлындзікаў распавядае, што чакае айчыннае машынабудаванне ў бліжэйшыя гады.
На нарадзе стратэгіі развіцця беларускага машынабудавання кіраўнік краіны прапанаваў з пункта гледжання эканомікі перабудавацца на ваенны лад.
Васіль Шлындзікаў: Калі кіраўнік краіны сказаў мабілізаваць усе сілы, значыцца мабілізуюць – выпусцяць, напрыклад, на тры трактары больш і паставяць іх да астатніх на склад. Увогуле, тое, што сёння адбываецца ў беларускім машынабудаванні, можа быць, яшчэ не катастрофа, але блізка да гэтага. Наколькі мне вядома, ва ўсіх вельмі складанае становішча.
РР: Што найперш прывяло да такой сітуацыі?
Васіль Шлындзікаў: Найперш – эканамічная палітыка дзяржавы. А крызіс у Расеі толькі паскорыў гэтыя працэсы. Сёння ў нас многія любяць вінаваціць у крызісе знешнія фактары. Але знешнія фактары ўплываюць і на палякаў, і на чэхаў, і на немцаў… Але ж там такога заняпаду на прадпрыемствах няма.
РР: Можа тады варта прадаць гэтыя прадпрыемствы добрым гаспадарам?
Васіль Шлындзікаў: А хто купіць?! Мураўёў набыў “Мотавела”, “закапаў” некалькі мільёнаў даляраў, а сам сядзіць у турме. Таму я не веру, што пры гэтым кіраўніцтве на айчынных прадпрыемствах будзе нешта талковае. Трэба змяняць палітычную і эканамічную сістэму ў краіне. А прадпрыемствам у першую чаргу неабходна незалежнасць і свабода ў прыняцці рашэнняў. Такой свабоды няма, таму вымушаны ўтрымліваць “калгасы”, якія яшчэ пры Саюзе стварылі.
РР: Лукашэнка раней даручаў знаходзіць выйсце з гэтай сітуацыі ўласнымі сіламі…
Васіль Шлындзікаў: Няма ўжо сілаў і няма каму ваяваць. Адзіная сіла – Нацыянальны банк, які можа надрукаваць грошы і даць прадпрыемствам, каб тыя яшчэ крыху падыхалі свежым паветрам. Але гэта не выратуе.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя