Васіль Шлындзікаў: Праверкі забіваюць ініцыятыву



Былы кіраўнік прадпрыемства “Амкадор” Васіль Шлындзікаў мяркуе, што кіраўнікі прадпрыемстваў баяцца праяўляць ініцыятыву, каб не патрапіць за краты.

Васіль Шлындзікаў

Тэму шматлікіх і часам безпадстаўных праверак прадпрыемстваў падняў днямі ў інтэрв’ю праграме “Контуры” старшыня Мінскага аблвыканкама Сямён Шапіра. Па яго словах, кіраўнікі баяцца прымаць рашэнні, бо асабліва рызыкуюць ініцыятыўныя.

Васіль Шлындзікаў: Вось гэты прэс з боку правяраючых органаў на прадпрыемствы, на мой погляд, адна з галоўных праблем. Па сутнасці, гэта тармозіць наогул усялякае развіццё. На корані сякуць ініцыятыву, бо ўсё настолькі зарэгламентавана, што працаваць трэба вельмі і вельмі асцярожна. Як вынік – тыя, хто дасягае нейкіх поспехаў, нярэдка заканчаюць дрэнна. Як тая ж Ганна Шарэйка. Гэта стала сістэмай, а значыцца ў такім выпадку эканоміка развіваца не будзе.

РР: Сітуацыя з маладым дырэктарам “Барысаўдрэва” Мальцавым, які праявіў ініцыятыву і аказаўся за кратамі, таксама паказальная…

Васіль Шлындзікаў: Такіх выпадкаў шмат, мы ж толькі ведаем пра тыя выпадкі, якія на слыху. Людзі стараюцца знайсці выхады са складанага становішча, неяк эксперыментуюць, а затым аказваюцца пад пільнай увагай правяраючых і следчых ораганаў.

РР: Ім даюць такую ўстаноўку ці гэта асабістая ініцыятыва правяраючых?

Васіль Шлындзікаў: Мяркую, што тут ёсць палітычная ўстаноўка. Такія ж ёсць і па выяўленне пэўнай колькасці шпіёнаў ды іншых ворагаў дзяржавы, якія быццам бы устаўляюць палкі ў колы нармальнага развіцця краіны. Насамрэч гэтыя палкі самі і ўстаўляюць. І, на мой погляд, дырэктары прадпрыемстваў не вераць словам кіраўніка краіны, калі той кажа, каб не баяліся браць на сябе ініцыятыву. Баяцца – і яшчэ як! Нікому не хочацца аказацца за кратамі. Сямён Шапіра, дарэчы, вельмі асцярожны чалавек, але, калі ўжо ён падняў праблему, значыцца сітуацыя і праўда дрэнь. Дарэчы, тут яшчэ такі момант ёсць. Хто прыходзіць правяраць прадпрыемствы? У некаторых выпадках людзі, якія наогул слаба разбіраюцца ў спецыфіцы работы гэтага прадпрыемства. Але ж яны – кантралёры, робяць выгляд, што ўсё ведаюць. Знаходзяць нейкія парушэнні, бо гэта такая своеасаблівая справаздача аб тым, што час патраціў не дарэмна. Пра тое, ці добра ад гэтага будзе таму ж самаму прадпрыемству, мяркую, ніхто нават і не думае.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя