VAT за няновы аўтамабіль, набыты ў Польшчы



У Польшчы і Нямеччыне шмат аўтамабіляў набываецца праз фірмы або пазычаецца на падставе лізінгу. Беларус, які хоча набыць аўтамабіль, мае права вярнуць падатак на дададзеную вартасць, які ў Нямеччыне складае 19% (MwST), у Польшчы – 23% (VAT). На жаль, часта здараецца, што вярнуць падатак не атрымліваецца, паколькі не былі выкананыя ўсе фармальныя патрабаванні.

Спосабы вяртання падатку – розныя

Абавязкова трэба пра гэта папярэдне паразмаўляць у фірме, паслугамі якой мы карыстаемся. Фактычна ўсё залежыць ад таго, дзе мы набываем аўтамабіль, ці ён увогуле абкладаецца падаткам VAT. Таму варта спытаць у супрацоўнікаў фірмы, якая з’яўляецца ўладальнікам машыны, або ў аўтакомісе, ці магчыма ў выпадку набыцця машыны вярнуць падатак VAT. Асноўным дакументам, які дае права на вяртанне падатку, з’яўляецца EX.

Калі мы набываем машыну прыватным чынам, найлепш звярнуцца ў адно з адмысловых мытных агенцтваў. Яны працуюць пры кожнай Мытнай управе (у гэтым выпадку за паслугу трэба заплаціць ад 15 да 20 еўра ў Нямеччыне, або 35 еўра ў Польшчы).

У выпадку машыны, кошт якой не перавышае 3500 еўра, можна гэта зрабіць на польска-беларускай мяжы ў кожным мытным агенцтве (не блытаць з працаўнікамі Мытнай управы). Калі цана машыны перакрочвае названую суму, але не большая, чым 6000 еўра, можам звярнуцца ў кожную Мытную ўправу ў краіне Еўразвяза, але не на мяжы ЕЗ. Калі сума перавышае 6000 еўра, то звяртацца можна толькі ў тую Мытную управу, якая адносіцца да месца, дзе мы набылі аўтамабіль. На практыцы, найлепш адразу гэта зрабіць на месцы, дзе набываем аўто. Гэта эканоміць час і грошы.

У трох названых выпадках дакументы разам з аўтамабілем трэба прадаставіць мытніку на мяжы дзеля праходжання мытных працэдураў (звычайна гэта займае максімальна 15 хвілінаў). У часе мытнага агляду дакументы праз інтэрнэт дасылаюцца, напрыклад, у Нямеччыну, а на папяровым дакуменце мытнік ставіць пячатку POLSKA- CŁO.

Такія дакументы трэба перадаць у арыгінале боку, які прадае тавар (сабе пакідаем копію). Можна выслаць гэтыя дакументы праз пошту. Пасля выканання ўсіх неабходных працэдураў, выплата грошай (падатку) можа адбыцца адразу, а можа толькі праз некалькі тыдняў (напрыклад, таму што выявіліся сфабрыкаваныя мытныя пячаткі і праверка можа заняць у фірме трохі часу). Агулам пачаткоўцам усе гэтыя працэдуры могуць падацца складанымі. Але калі гаворка ідзе пра дарагія аўтамабілі і пра некалькі тысячаў еўра падатку, то варта за гэтыя грошы пазмагацца.

Увага: Нельга вывезці аўтамабіль на падставе дакументу TAX FREE

 

Беларускае Радыё Рацыя