Velcom набыў актывы інтэрнэт-правайдара „Белінфанет”



Тэлекам-аператар velcom набыў актывы інтэрнэт-правайдара ТАА „Белінфанет”, паведамілі БелаПАН у аддзеле карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom.

„Прытрымліваючыся стратэгіі канвергенцыі і пашырэння прысутнасці на рынку паслуг фіксаванага інтэрнэту і тэлебачання, velcom праводзіць пастаянны маніторынг рынку і вядзе перамовы з кампаніямі, якія маюць высокі патэнцыял развіцця пры наяўнасці адпаведных рэсурсаў. Для лепшага аказання, мадэрнізацыі тэхнічных актываў, а таксама доступу да сучаснай тэхнічнай базы для кліентаў, кіраўніцтва ТАА „Белінфанет” прыняло рашэнне аб кансалідацыі абаненцкай базы з velcom”, — зазначыў намеснік генеральнага дырэктара па фінансавых пытаннях Андрэас Граф.

„Мы чакаем, што гэты крок станоўча паўплывае на якасць аказання паслуг сувязі, а таксама будзе спрыяць пашырэнню пераліку прапанаваных сэрвісаў кліентам правайдара. Мы рады вітаць новых абанентаў у шэрагах velcom”, — дапоўніў Граф.

Так, з 11 снежня фізічныя і юрыдычныя асобы, якія з’яўляюцца абанентамі „Белінфанета” і карыстаюцца паслугамі інтэрнэту па тэхналогіях Ethernet і ADSL, будуць пераведзены на тарыфныя планы velcom. Змена тарыфнага плану адбудзецца ў аўтаматычным рэжыме. У якасці бонуса ўсім абанентам будуць арганізаваныя спецыяльныя ўмовы абслугоўвання на шэсць месяцаў з моманту пераходу на тарыфныя планы velcom.

Раней прадстаўнікі кіраўніцтва velcom заяўлялі, што ў 2018 годзе кампанія працягне пашыраць сваю прысутнасць у рэгіёнах за кошт куплі дзейных гульцоў.

Варта адзначыць, што за апошні час у лік абанентаў velcom увайшлі карыстальнікі раней набытых правайдараў — „Атлант Телекама”, гомельскага „Гаранта”, а таксама абаненты „Хатняй сеткі” („Інфалан”) і найбуйнейшага кабельнага аператара Віцебска. У выніку velcom стаў найбуйнейшым у Беларусі прыватным аператарам фіксаванага інтэрнэту.

Кампанія „Белінфанэт” (гандлёвая марка ADSL.BY) утвораная ў 1998 годзе. Асноўныя віды дзейнасці — аказанне прыватным асобам і арганізацыям паслуг доступу ў інтэрнэт па тэхналогіях ADSL і Ethernet. Мае некалькі дзясяткаў тысяч абанентаў.

Velcom пачаў ажыццяўляць у Беларусі камерцыйную дзейнасць па прадастаўленні паслуг і тавараў мабільнай сувязі з 16 красавіка 1999 года. З лістапада 2007 года ўваходзіць у склад холдынгу Telekom Austria Group, аднаго з вядучых тэлекамунікацыйных правайдараў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Колькасць абанентаў мабільнай сувязі velcom перавышае 4,8 млн. Абаненцкая база фіксаванага інтэрнэту і ТБ налічвае каля 300 тыс. карыстальнікаў.

belapan.by