Венгрыя падпісала пагадненне з «Газпрамам» па транзіце газу ў абыход Украіны



Венгрыя ў панядзелак падпісала новы доўгатэрміновы дагавор аб пастаўках газу з Расеяй, які жорстка раскрытыкавала Украіна, адмяніўшы запланаваную сустрэчу міжурадавай камісіі ў Будапешце, піша Reuters.

Пагадненне з «Газпрамам» разлічанае на 15 гадоў, з магчымасцю змяніць закупленыя аб’ёмы праз 10 гадоў.

Паводле дамовы, «Газпрам» будзе штогод адгружаць Венгрыі 4,5 мільярда кубаметраў прыроднага газу па двух маршрутах: 3,5 мільярда кубаметраў праз Сербію і 1 мільярд кубаметраў праз Аўстрыю.

МЗС Украіны выступіла з заяваю: «Лічым гэта выключна палітычным, эканамічна неабгрунтаваным рашэннем, прынятым ва ўгоду Крамлю і ў шкоду нацыянальным інтарэсам Украіны і ўкраінскага-венгерскім адносінам».

МЗС Украіны заявіла 27 верасня, што ініцыявала перанос пасяджэння міжурадавай украінска-венгерскай камісіі па пытаннях эканамічнага супрацоўніцтва, якая павінна была адбыцца днямі ў Будапешце.

У МЗС Украіны настойваюць, што Венгрыі больш выгадна атрымліваць газ транзітам праз разгалінаваную газатранспартную сістэму Украіны, якая дазваляе найбольш кароткім шляхам пастаўляць газ у краіны Еўропы.

nashaniva.com