Ветэраны не атрымаюць у гэтым годзе аднаразовыя выплаты да 9 траўня



Аднаразовых выплат ветэранам Вялікай Айчыннай вайны да 9 траўня ў гэтым годзе ў Беларусі не будзе. Гэтую інфармацыю афіцыйна пацвердзілі на прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да свята, паведамляе TUT.BY.

Аднак на Дзень Перамогі 9 траўня ў краіне маюць намер зладзіць феерверк, канцэрты, ушанаванне сцяга, запуск чырвона-зялёных балонікаў.

— Выплат, прымеркаваных да 9 траўня, у гэтым годзе не прадугледжана, — паведаміла ў адказ на пытанні журналістаў, прадстаўнік Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Між тым, у папярэднія два гады аднаразовыя матэрыяльныя выплаты для ветэранаў былі прадугледжаныя. Аднак гэта былі юбілейныя гады. А ў 2018-м, да прыкладу, такіх выплат не было.

У Беларусі за апошні год прыкметна скарацілася колькасць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны — на 1469 чалавек менш, чым годам раней.

На 1 красавіка гэтага года ў Беларусі пражывала 3337 ветэранаў ВАВ (у тым ліку 1877 удзельнікаў і інвалідаў вайны, 1057 узнагароджаных працаўніка тылу, 317 блакаднікаў Ленінграда).