Віктар Маргелаў: Адмену праверак трэба замацаваць заканадаўча



Сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў распавядае пра тое, як праверкі тармозяць развіццё бізнеса ў краіне.

Віктар Маргелаў

Учора Аляксандр Лукашэнка паабяцаў прыняць радыкальныя меры, каб ліквідаваць залішнія праверкі суб’ектаў гаспадарання.

“Вы не хочаце праверак – не будзем правяраць, – заявіў ён. – Але будзеце несці адказнасць. Думаю, гэта будзе больш эфектыўна”.

Віктар Маргелаў: Сказаць правільныя словы – мала. Трэба найперш стварыць такое прававое поле, якое б гэтыя словы пераўтваралі ў рэальнасць. Адмену праверак трэба замацаваць заканадаўча, хаця нашы дзяржаўныя органы заўсёды могуць знайсці “дзірку”, каб пралезці. Напрыклад, быццам бы санітарным органам і забаронена рабіць праверкі за выключэннем выпадкаў, звязаных з бяспекай спажыўцоў. Таму праверку яны могуць арганізаваць на падставе любога ананімнага званка. Атрымліваецца, што праверкі быццам бы і забаронены, але ў той жа час іх вельмі шмат. І штрафныя санкцыя па многіх пытаннях моцна ўзраслі – асабліва з боку Дзяржстандарта. Таму нават рэдкае наведванне правяраючых органаў даволі адчувальна б’е па кішэнях бізнесменаў. Знойдуць упакоўка пратэрмінаваных спецый – штраф 100 базавых велічынь. У асобных выпадках доля штрафаў раўняецца велічыні падаткавых выплат.

РР: Ці моцна гэтыя праверкі тармозяць развіццё бізнеса?

Віктар Маргелаў: Моцна. Яшчэ і таму, што не ўсё на грошы пераводзіцца. Вось гэтая нервозная абстаноўка з праверкамі – яна блакуе канструктыўную працу. Ты замест рэальнай працы найперш думаеш, як бы не атрымаць штраф.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя