Віктар Маргелаў: Бізнесмены масава трапляюць у пастку
Сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў пркаментаваў прысуд бізнесмену Аляксандру Кныровічу.
Нагадаем, што 4 ліпеня ў судзе Фрунзенскага раёна Менска быў агучаны прысуд бізнесмену Аляксандру Кныровічу і яго калегам з „СарматТэрма-Інжынірынг”.
Сузаснавальнік і дырэктар ТАА „СарматТэрма-Інжынірынг” Аляксандра Кныровіча суд прыгаварыў да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і забаронай займаць распарадчыя пасады на працягу 5 гадоў. Яго абвінавацілі ва ўхіленні ад падаткаў у асабліва буйным памеры і дачы хабару.
Віктар Маргелаў: Маё меркаванне з нагоды прысуду Аляксандру Кныровічу дваістае, бо яго абвінавачвалі па двух складах злачынства. Першы склад – ухіленне ад падаткаў быццам бы праз расейскую фірму. І калі гэта насамрэч рабілася ў вялікіх аб’ёмах, то зразумела, што пакарання за гэта ён заслужыў. А вось што датычыцца дачы хабару, то тут трэба сказаць, што гэта дзяржаўная сістэма стварыла такія ўмовы, што бізнесменам і праўда даводзіцца даваць хабар, каб нармальна працаваць. І тут ёсць шмат пытанняў, якія не вырашаюцца.
РР: Не адзін Кныровіч патрапіў у такую пастку?
Віктар Маргелаў: Трапляюцца масава, але ў той жа час сітуацыя застаецца на ранейшым месцы. У Еўропе, напрыклад, ёсць Акт аб малым бізнесе, дзе запісана, што любы суб’ект гаспадарання абавязаны разлічыцца з прадстаўнікоў малога бізнеса на працягу двух месяцаў, незалежна ад абставін. А ў нас з суб’ектамі прыватнага прадпрымальніцтва разлічваюцца па астаткаваму прынцыпу. Калі ёсць вольныя грошы, тады і плацяць. Атрымліваецца, што бізнесменам, якія хочуць працаваць, трэба ісці, кланяцца ў ногі і даваць хабар прадстаўнікам дзяржаўных структур. Бо ў 90 адсоткаў выпадкаў у судзе справядлівасць вы не знойдзеце. Вось і атрымліваецца, што бізнесмены даюць хабар за вырашэнне сваіх праблем, а затым іх адпраўляюць у ў турму. Таму Кныровічу я шчыра спачуваю.
РР: А чаму гэтая праблема не вырашаецца?
Віктар Маргелаў: Відаць, некаму такая сітуацыя выгодная.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя