Віктар Маргелаў: Дакумент павінны былі прыняць яшчэ ўчора
Сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў пракаментаваў праект дэкрэта «Аб развіцці прадпрымальніцтва».
Нагадаем, праект вышэйзгаданага дэкрэта і праект указа, які накіраваны на ўдасканаленне парадка ліцэнзавання, былі вынесены на разгляд беларускага кіраўніка. Па афіцыйнай інфармацыі, Лукашэнка “падтрымаў усе прапанаваныя нормы, дакументы будуць у хуткім часе падпісаны”.
Віктар Маргелаў: Трэба сказаць, што зроблены беспрэцэдэнтны крок з боку прэзідэнта і ўрада. Праца вялізная – увесь пакет дакументаў займае 1200 старонак. Безумоўна, дэкрэт патрэбен, але ён павінен быў з’явіцца не сёння, а яшчэ ўчора. Мы спазняемся. Замест таго, каб ужо займацца канкрэтнымі пытаннямі змянення стратэгіі развіцця прадпрымальніцтва з улікам новых рэалій, мы пакуль дабудоўваем базавыя ўмовы. Таму няправільна казаць, што мы іх ужо пабудавалі. Але ж любы дом пачынаецца з фундамента.
РР: Ці можна дакумент назваць рэвалюцыйным?
Віктар Маргелаў: Па меншай меры, ёсць спадзяванне на тое, што спыніцца падзенне малога бізнесу. Магчыма, пачне развівацца прадпрымальніцтва ў сельскай мясцовасці, у малых гарадах. Але ж і на гэтым спыняцца не трэба, бо не ўсе пытанні ўвайшлі ў дакумент. Іх будзем укараняць у жыццё пазней, праца над імі працягваецца. Увогуле, каб развіваць рэальна прадпрымальніцтва, нам неабходны дзве рэчы. Першая – закончыць стварэнне базавых умоў. І другая – вызначыцца з каардынацыяй развіцця прадпрымальніцтва.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя