Віктар Маргелаў: Дэкрэт пакуль не працуе на поўную моц



Сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў распавёў, ці варта ў бліжэйшы час чакаць эфекту ад дэкрэта «Аб развіцці прадпрымальніцтва».

Нагадаем, дакумент быў падпісаны напрыканцы мінулага года. Дэкрэт павінен палепшыць бізнес-клімат у краіне і прадугледжвае “кардынальныя змены механізмаў узаемадзеяння дзяржаўных органаў і бізнесу”.

Віктар Маргелаў: З гэтым дэкрэтам яшчэ шмат нявызначанасці. Па-першае, шмат пытанняў па самім пакеце дакумента. Неабходны тлумачэнні і дэталізацыя. Савет міністраў ужо сфармаваў вялікі спіс палажэнняў, якія трэба прывесці ў суадноснасць з заканадаўствам з улікам дакумента. Пакуль гэтая праблема не ўзгадніцца, казаць аб паўнацэннай працы дэкрэта не даводзіцца. Гэтае пытанне падымалася на сустрэчы прадпрымальнікаў з беларускім кіраўніком, і той даў даручэнне Саўміну ўзгадніць усе нарматыўна-правыя акты.

РР: Адным словам, дэкрэт напоўніцу пакуль не запрацаваў?

Віктар Маргелаў: Не запрацаваў, бо няма практычнай рэалізацыі ўсяго таго патэнцыялу, што зараз знаходзіцца на паперы. Вось, напрыклад, здаецца, і распаражэнне ёсць, што неабходна праводзіць сустрэчы з прадпрымальнікамі, каб абмяркоўваць надзённыя пытанні па рэалізацыі дэкрэта, але я не чуў, каб былі такія нарады. Усе чамусьці думаюць, што дакумент падпісаны, а значыцца запрацуе сам па сабе. Таму няправільна будзе чакаць нейкі хуткі прарыў. Хаця зараз мы назіраем тэндэнцыю, што спынілася падзенне малога прадпрымальніцтва. Пакуль гэта і можна лічыць галоўным вынікам дэкрэта.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя