Віктар Маргелаў: Манапалізацыя гандлю перавысіла крытычную кропку



Сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў распавёў пра гандлёвых манапалістаў і рэгуляванне цэнаў.

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю хоча зрабіць больш жорсткім механізм дзяржаўнага рэгулявання цэн. Праект адпаведнага ўказа вынеслі на грамадскае абмеркаванне.

Згодна з апублікаваным дакументам, прадпрыемствы гандлю будуць пазбаўлены магчымасці атрымліваць выплаты для прасоўвання сацыяльна значных тавараў, цэны на якія рэгулююцца дзяржавай.

Віктар Маргелаў: Зразумела, чаму сёння Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ідзе на такія крокі. Манапалізацыя гандлю перавысіла крытычную кропку, і на сацыяльна значныя тавары манапалісты робяць вельмі сур’ёзныя нацэнкі. Суадносна, народ абураецца.

А вось у малых прадпрыемстваў нацэнкі якраз нізкія, але яны таксама прадаюць па такіх жа коштах.

РР: Які выхад з сітуацыі?

Віктар Маргелаў: Мы лічым, што няма сэнса рэгуляваць манапаліста, бо ў такім выпадку давядзецца адсочваць іх кожны крок. Гэта вельмі складаная рэч, на якую спатрэбіцца шмат часу. Паставяць адзін бар’ер – знойдуць варыянт, як яго абыйсці. Прыдумаюць другі – і яго можна абмінуць. І так можа працягвацца да бясконцасці.

Мы пра гэта казалі яшчэ ў сакавіку, калі рыхтавалі праект указа аб абмежаванні манапалістычнай дзейнасці. На жаль, гэты праект згубіўся недзе ў кабінетах чыноўнікаў, хаця ён больш сістэмна вырашаў бы вышэйпазначаную праблему. Таму зараз дзяржава робіць так, як лічыць магчымым гэта сёння рабіць без указа.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з сайта: ex-press.by.