Віктар Маргелаў: Многіх чакае закрыццё бізнеса
Сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў распавёў пра тое, якія могуць быць наступствы для бізнеса ад каронавіруса.
Віктар Маргелаў: Наступствы для бізнеса ад сітуацыі з каронавірусам будуць вялікія. Сённяшні дзень – гэта кветачкі, а ягадкі яшчэ наперадзе. Многіх чакае разарэнне, неплацяжы, банкруцтва, закрыццё бізнеса. Суадносна павялічыцца беспрацоўе. І гэта не дробныя пагрозы для бізнеса, а відавочныя рэчы.
Шмат людзей, якія працавалі за мяжой дальнабойшчыкамі, вярнуліся дадому. І зараз яны сядзяць без працы. Вось просты прыклад, як людзі ў сённяшніх рэаліях застаюцца беспрацоўнымі.
РР: Інфляцыя таксама павялічыцца?
Віктар Маргелаў: Безумоўна, на сітуацыю з каронавірусам накладваецца яшчэ і абвал цэнаў на нафтавым рынку, а значыцца і абвал беларускага рубля ў дачыненні да даляра і еўра. Суадносна, будуць расці цэны ў магазінах.
Ведаеце, колькі днямі каштавала расейская грэчка ў адным са сталічных магазінаў? Больш за 5 рублёў! Хутчэй за ўсё, у гэтым магазіне грэчка закончылася (не паспелі набыць у аптавікоў), бо людзі масава скупляюць прадукты харчавання, а таму магазін выставіў такую фантастычную цану, каб грэчку ніхто не купляў, але тавар прысутнічаў на паліцах крамы.
РР: Ці гатовы бізнес да ўвядзення каранціна?
Віктар Маргелаў: Кожны будзе выжываць, як можа. І, натуральна, трэба прасіць у дзяржавы дапамогі, весці перамовы, якія, па вялікім рахунку, ужо пачаліся. Натуральна, вялікай дапамогі чакаць не варта, але хоць нешта паслабяць. А далей час пакажа, як жыць далей, з улікам новых рэалій. Відавочна адно – у хуткай будучыні свет будзе жыць інакш. Многія сувязі і стасункі для бізнеса зменяцца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя