Віктар Маргелаў: Патрэбна нармальная канкурэнцыя



Сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў пракаментаваў судовыя разборкі з удзелам “Еўрагандлю”.

Як вядома, Вярхоўны суд адмовіў кампаніі “Еўрагандаль” – уладальніку буйнейшай у Беларусі харчовай рознічнай сеткі – у задавальненні скаргі на рашэнне Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю аб прызнанні за рытэйлерам факта парушэння заканадаўства ў частцы недобрасумленнай канкурэнцыі.

Віктар Маргелаў: Я лічу, што суд прыняў правільнае рашэнне. Але праўда жыцця ў іншым. Калі сёння складана даказаць факт хабарніцтва, бо тут патрэбна за руку злавіць, то недобрасумленную канкурэнцыю выявіць яшчэ складаней.

Зараз проста патрапіла ў шырокую сферу інфармацыя ад многіх камерцыйных фірмаў пра тое, якім чынам “Еўрагандаль” уздзейнічае на іх з тым, каб стварыць сабе канкурэнтную перавагу. А проста так намаляваць яе складана. Зразумела, што і фірмы ў адкрытую не могуць усё казаць, бо заўтра ім патрэбна пастаўляць тавар у той жа “Еўраопт”.

Хаця трэба сказаць, што “Еўрагандаль”, наколькі мне вядома, ні на капейку не пакараны. Проста давялі да ведама, што так рабіць нельга. І гэта сур’ёзны выклік для нашага заканадаўства. Бо калі не будзе сумленнасці ў канкурэнцыі, мы будзем жыць у жудаснай краіне. Таму з сітуацыі павінны зрабіць урокі ўсе.

РР: А ці ёсць факты несумленнай канкурэнцыі з боку дзяржаўных структур?

Віктар Маргелаў: Безумоўна. Але паспрабуй дакажы, напрыклад, што хтосьці працуе па прынцыпе “тэлефоннага права” альбо асаблівых умоваў для дзяржаўных прадпрыемстваў. Праўда, гэта тычыцца не зусім рознічнага гандлю, але ў іншых сферах такіх фактаў хапае. І таксама трэба з гэтым нейкім чынам змагацца.

У свой час, напрыклад, было такое, што збірае старшыня аблвыканкама падначаленых і вусна загадвае гандляваць толькі мясцовай гарэлкай. Распараджэнне вуснае, на паперы такога загаду няма. А значыцца, у судзе ты нічога не дакажаш. А паспрабуй не выканаць гэтае рашэнне?

Таму нам патрэбна з усімі гэтымі праявамі разбірацца, каб для ўсіх былі роўныя ўмовы гаспадарання. Вось тады будзе нармальная канкурэнцыя і рыначная эканоміка дасць вынік.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота ced.by