Віктар Маргелаў: Перасцярогі застаюцца



Ці вераць прадстаўнікі бізнеса, што кантралюючыя органы іх больш не будуць турбаваць? Пра гэта распавядае  сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў.

Аляксандр Лукашэнка правёў нараду з членамі рабочай групы па пытаннях удасканалення кантрольнай дзейнасці і выключэнні залішніх патрабаванняў да бізнэсу, падчас якой гарантаваў, што ніякага ціску з боку кантралюючых і іншых структур не будзе.

«Гэта я вам абяцаю як кіраўнік дзяржавы», – сказаў ён.

Віктар Маргелаў: Я прысутнічаў на гэтай нарадзе, і, безумоўна, абяцанні для бізнеса былі добрыя. Але заявы пра адмену праверак – гэта неабходная, але недастатковая частка працы. І я бачу, што чыноўнікі з гэтым лёгка пагаджаюцца. Міністэрства па надзвычайных сітуацыях наогул ужо заявіла, што не будзе правяраць бізнес. Але адзначу адзін момант – пры гэтым МНС дадае, што будзе правяраць па скаргах. А колькі часу трэба, каб арганізаваць скаргу? 5 хвілін. Таму перасцярогі, натуральна, застаюцца. Пакуль не вызначаны інструменты і механізмы рэалізацыі гэтых планаў па адмене праверак, складана нешта прагназаваць. Да таго ж, насцярожваюць выказванні чыноўнікаў, што работу па спрашчэнні ўмоваў працы для бізнеса рабілі і да гэтага і, па вялікаму рахунку, яны яе ўжо і зрабілі.

РР: Атрымліваецца, што і спрашчаць ужо больш нічога не трэба…

Віктар Маргелаў: Так, чыноўнікі тут добра перастрахаваліся. Хаця на самай справе, каб сур’ёзна ўсё прадумаць і рэалізаваць, трэба правесці вялізную працу. Я наогул думаю, што за 40 дзён гэта нерэальна зрабіць, а працоўнай групе адведзены тэрмін да 25 сакавіка. Што, зараз будуць перапісаны тысячы нарматыўных актаў? Таму гучныя заявы на высокім узроўні аб паслабленнях для бізнеса – гэта добра. Застаецца пытанне: як усё гэта будзе рэалізоўвацца на нізкіх узроўнях?  

РР: Прадстаўнікам бізнеса прапанавалі ўносіць свае прапановы. Вам будзе што сказаць?

Віктар Маргелаў: Мы яшчэ раней унеслі свае прапановы, яны недзе ляжаць на сталах чыноўнікаў. Зрэшты, ужо напрыканцы сакавіка можна будзе пабачыць, што стаяла за гучнымі заявамі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя