Віктар Маргелаў: Зваротныя законы не за адзін дзень “шліфуюцца”



Сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў распавёў, як працуе дэкрэт «Аб развіцці прадпрымальніцтва».

Нагадаем, дакумент быў падпісаны напрыканцы мінулага года. Дэкрэт павінен палепшыць бізнес-клімат у краіне і прадугледжвае “кардынальныя змены механізмаў узаемадзеяння дзяржаўных органаў і бізнесу”.

Віктар Маргелаў: Ключавыя пытанні дэкрэта, якія тычыцца памяшканняў, пакуль не вырашаны. Як не вырашаны і шэраг іншых унутрыведамасных пытанняў, у сувязі з чым з’яўляецца вельмі шмат затораў на шляху працы дэкрэта. Атрымліваецца такая сітуацыя. Як быццам ніхто і не адмаўляецца ад неабходнасці выканання палажэнняў дакумента, але пры гэтым кажуць, што трэба выпраўляць пэўныя нормы. Маўляў, пакуль працуйце па старых правілах. А пакуль хаця б адна ўмова не выконваецца, то і бізнес не можа працаваць па-новаму. Таму праблем яшчэ хапае.

РР: Чаму дэкрэт рухаецца з цяжкасцямі?

Віктар Маргелаў: Зваротныя законы не за адзін дзень “шліфуюцца”. Да таго ж, у Беларусі дастаткова інерцыйная сістэма прыняцця дзяржаўных рашэнняў, бо там шмат канфліктуючых бакоў. Для таго, каб правесці “паміж рыфамі” нейкі праект дакумента, патрэбен вышэйшы пілатаж. Вось калі ёсць прамое ўказанне беларускага кіраўніка, тады ўсё прасцей. А калі ініцытыва ідзе ад ведамства, то не факт, што яно гэта зробіць. Адным словам, няма адзінства. Калі б так было, мы рухаліся б значна хутчэй.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя