Віктар Стукаў: Ствараем агульную прафсаюзную камісію
На полацкам вытворчым аб’яднанні “Полацк-Шкловалакно” ствараецца адзіная прафсаюзная камісія для падпісання калектыўнай дамовы з адміністрацыяй. Чальцы суполкі Свабоднага прафсаюза, якая дзейнічае на прадпрыемстве, ужо вызначыліся з асобай, якая будзе іх прадстаўляць у гэтай камісіі. Кажа старшыня Свабоднага прафсаюза “Шкловалакна” Віктар Стукаў:
– Учора мы праводзілі сход і вырашылі, што гэта будзе Мікола Шарах. Перадусім ён будзе прапанаваны. Пасля могуць быць замены. Але вырашаць гэта будзе прафсаюз, а не генеральны дырэктар ці яшчэ хтосьці.
Як паведаміў Віктар Стукаў, на ўзроўні ўрада зацверджана новая канцэпцыя вядзення калектыўных перамоваў на прадпрыемствах, на якіх існуе некалькі прафсаюзных арганізацый. Цяпер яны павінны ствараць адзіную прафсаюзную камісію. Прафсаюзны лідар лічыць, што гэта дазволіць абараніць ад пераследу і звальненняў хаця б актывістаў суполкі Свабоднага прафсаюза. Сам Віктар Стукаў быў звольнены з прадпрыемства два гады таму, і ўсе яго спробы праз суд прызнаць гэтае звальненне незаконным поспеху пакуль не мелі.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя