Віктар Цярэшчанка: Моцны ўдар будзе па інвестарах…



Эканаміст Віктар Цярэшчанка распавёў пра тое, як заходнія санкцыі могуць адбіцца на стане беларускай эканомікі.

Віктар Цярэшчанка: На мой погляд, гэтым разам санкцыі з боку краін Еўразвяза і ЗША моцна адаб’юцца на эканоміцы і паспрыяюць яе падзенню. Суадносна, знізіцца і ўзровень жыцця людзей.

Пераарыентацыя на іншыя рынкі, у тым ліку, і азіяцкі, не можа адбыцца вельмі хутка, на гэта спатрэбіцца дастаткова працяглы перыяд. У такім выпадку будзе і пераразмеркаванне вытворчасці прадукцыі.

Асабліва абмежаванні могуць закрануць прадпрыемствы, якія давалі неблагія валютныя паступленні – у нафтавай і калійнай прамысловасці, “Гродна-Азот”.

РР: Расейскі пасол у Менску Яўген Лук’янаў заявіў, што ў такой сітуацыі Масква не кіне Беларусь і будзе аказваць падтрымку Менску “да самых крытычных абставін”…

Віктар Цярэшчанка: Калі нехта думае, што Крэмль зараз пачне вазіць у Менск мяшкі з грашыма, то гэта самападман. Расея можа прапанаваць, напрыклад, палёты беларускіх самалётаў у расейскія гарады.

Упэўнены, што Расея не зможа закрыць нават паловы эканамічных страт, якія прынясуць санкцыі. Варта проста паглядзець структуру экспарта і імпарта.

Таксама санкцыі могуць адбіцца на магчымасцях крэдытавання і працы з каштоўнымі паперамі на іншых рынках. Моцны ўдар будзе і па інвестарах. Гэта тычыцца не толькі фінансавага сектара, але і новых тэхналогій.

Таму сітуацыя складваецца сур’ёзная, але пабачым, як у гэтай сітуацыі праявіць сябе беларуская эканоміка.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя