Віктар Цярэшчанка: Усё гэта адаб’ецца на рэальных даходах насельніцтва
Эканаміст і экс-кандыдат у прэзідэнты Віктар Цярэшчанка распавядае, чаму зараз беларуская эканоміка знаходзіцца ў няпростым стане.
Віктар Цярэшчанка: З улікам знешніх фактараў сітуацыя, што склалася ў эканоміцы Беларусі, зараз вельмі складаная і неспрыяльная для дзяржавы і беларускага народа.
Натуральна, усё гэта адаб’ецца на паніжэнні жыццёвага ўзроўню людзей і на рэальных даходах насельніцтва. Можна чакаць скарачэння аб’ёмаў вытворчасці і змяншэння кааперацыі.
РР: Гэта з-за таго, што Расея вырашыла больш не даваць газ і нафту па танных коштах?
Віктар Цярэшчанка: Мяркую, што насамрэч мы не ведаем пра тыя дамоўленасці, што ёсць паміж беларускім і расейскім кіраўнікамі. Увогуле, правільна было б, каб па эканамічных пытаннях дамаўляліся камерцыйныя структуры, а не палітыкі. З расейскага боку – прыватныя кампаніі, з беларускага – “Белнафтахім”.
Але, на жаль, гэтыя пытанні вырашаюць якраз палітыкі. Хаця мне зразумелае жаданне беларускай улады купіць танней, а прадаць даражэй.
РР: Калі Расея не пойдзе на саступкі і давядзецца купляць нафту і газ па сусветных коштах…
Віктар Цярэшчанка: Вось просты прыклад. Па маіх разліках, пры куплі 80 тысяч тон нарвежскай нафты Беларусь згубіла каля 7 мільёнаў даляраў ад кошта паміж расейскай нафтай і нарвежскай. І гэтага аб’ёма хапіла толькі на тры дні працы нафтаперапрацоўчых заводаў. А ёсць жа яшчэ праблема лагістыкі. Таму можна палічыць, колькі краіна губляе, бо прамы трубаправод ёсць толькі з Расеяй.
У гэтай сітуацыі мне таксама зразумелае жаданне афіцыйнага Менска паказаць сваю самастойнасць, але гэта тое самае, што прабіць талон у аўтобусе, а затым выйсці з транспарта і бегчы побач, каб паказаць сваю прынцыповасць.
Таму мая выснова адназначная – за працу работнікам “Белнафтахіма” і ўраду можна ставіць двойку з мінусам. Нават не беларускі кіраўнік, а яны павінны былі клапаціцца, каб вырашыць гэтую праблему.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя