Віктар Цярэшчанка: За правалы ў эканоміцы знойдуць крайніх
Эканаміст Віктар Цярэшчанка распавядае пра тое, чым небяспечныя дзяржаўныя даўгі.
Па словах, намесніка старшыні Камітэта дзяржкантролю Аляксандра Курлыпы, пастаянны рост дзяржаўнага доўга стаў сур’ёзнай праблемай для бюджэту. За мінулы год, напрыклад, гэты доўг павялічыўся на 4,1 млрд. рублёў, што ў два разы больш даходаў рэспубліканскага бюджэту.
РР: Ці працягне расці дзяржаўны доўг?
Віктар Цярэшчанка: Ён будзе расці да таго часу, пакуль мы не зразумеем і не ліквідуем прычыны гэтай з’явы. А такія прычыны тры.
Першая – крэдытнае фінансаванне беларускіх вытворцаў. Галоўнай праблемай беларускіх прадпрыемстваў з’яўляецца востры недахоп сродкаў для фінансавання сваёй дзейнасці і для развіцця сродкаў вытворчасці. Асноўным метадам вырашэння гэтай праблемы ў нас, як і ва ўсіх краінах СНД, практыкуецца крэдытаванне. Сама ж форма крэдытнага доўга – гэта архаізм, якія заўсёды параджае праблемы.
Другая прычына – падаткі, якія ў нас уключаюцца вытворцамі ў кошт прадукцыі, і ў значнай частцы забіраюцца яшчэ да яе продажу.
І трэцяя прычына – аплата працы ў Беларусі ў 10 разоў ніжэйшая, чым у развітых краінах. Гэта не стварае неабходнай матывацыі да працы, патрабуе жорсткіх кантрактаў, а таксама раптоўных праверак і кантролю за ўсімі. У выніку – у нас сёння такая эканоміка, паказчыкі якой пагаршаюцца. Суадносна, павялічваецца і дзяржаўны доўг.
РР: Якія рызыкі пры гэтым ствараюцца для эканомікі?
Віктар Цярэшчанка: Урад і кіраўнікі прадпрыемстваў у хуткім часе акажуцца крайнімі за правалы ў эканоміцы. Стаўка на замежны капітал, як галоўны шлях развіцця, можа пераўтварыць краіну ў цэнтры Еўропы ў які-небудзь мультынацыянальны аналаг аддаленай правінцыі Кітая. Пры гэтым Беларусь апынецца ў ролі пастаўшчыка таннай працоўнай сілы па кароткатэрміновых кантрактах і сваіх тэрыторый для бізнесу замежнага капіталу. Нам пагражае і страта сяброўства з Расеяй, і праблемы ў адносінах з еўрапейскімі суседзямі, і праблема міграцыі ў Беларусь людзей з бедных азіяцкіх, афрыканскіх і лацінаамерыканскіх краін. Праўда, пакуль не позна, сітуацыю яшчэ можна змяніць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя