Віталь Рымашэўскі: Мы павінны ведаць, што патрабаваць ад улады пасля 9 жніўня



Прадстаўнікі шэрагу дэмакратычных апазіцыйных партыяў і арганізацыяў Беларусі агучылі «Рэанімацыйны пакет рэформаў», які павінен надаць стагнуючай эканоміцы краіны і ўсяму грамадству новы імпульс для развіцця.

Па словах сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага, над гэтым пакетам рэформаў працавалі лепшыя незалежныя эксперты, аналітыкі і адмыслоўцы. Іх прапановы сістэматызаваныя і сабраныя на сайце ZaBelarus.com:

– Гэта інтэрнэт-пляцоўка не толькі для таго, каб вы пабачылі і пачыталі тое, што там напісана, а таксама каб далучыліся. Таму што ўсе нашыя прапановы будуць адкрытыя да грамадскіх абмеркаванняў. І на гэтай інтэрнэт- пляцоўцы можна пакінуць свае заўвагі, нашы эксперты іх улічаць, і ў канчатковым выглядзе рэформы будуць прэзентаваныя сёлета ў верасні. Не важна, хто там прыйдзе да ўлады. Я спадзяюся, што гэта будзе новы прэзідэнт, не Аляксандр Лукашэнка. Мы павінны ведаць, што патрабаваць ад улады пасля 9 жніўня. І вось гэтыя народныя патрабаванні якраз сабраныя ў рэанімацыйным пакеце рэформаў.

На пляцоўцы ZaBelarus.com можна падрабязна азнаёміцца з прапанаванымі рэформамі, падпісаць петыцыю ў іх падтрымку, ці далучыцца да іншых ініцыятываў, – кажа Віталь Рымашэўскі. У распрацоўцы пакету рэформаў таксама ўдзельнічалі Аб’яднаная грамадзянская партыя, Рух «За свабоду», Партыя БНФ, Беларуская сацыял – дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская партыя „Зялёныя” ды іншыя.

Беларускае Радыё Рацыя