Віцэ-прэм’ер Кухараў: Сёлета тарыфы на паслугі ЖКГ расці не будуць



Сёлета тарыфы на паслугі ЖКГ расці не будуць, паведаміў віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Кухараў ў эфіры праграмы „Контуры” тэлеканала ОНТ вечарам 11 жніўня.

Ён нагадаў пра распараджэнне кіраўніка дзяржавы, згодна з якім кошт жыллёва-камунальных паслуг не павінен павялічвацца больш як на 5 даляраў за год.

У 2019 годзе ў якасці эксперыменту тарыфы на паслугі ЖКГ былі павышаныя ў два этапы — 1 студзеня і 1 чэрвеня. Паводле слоў Кухарава, „сур’ёзных прэтэнзій з боку насельніцтва не было”.

Згодна з указам прэзідэнта, 1 студзеня 2019 года сумарна на 3,9 даляра выраслі тарыфы на паслугі газа-, электра- і водазабеспячэння, водаадвядзення, на капітальны рамонт, санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў жылога дома, а таксама памеры кампенсацыі расходаў на электраэнергію. 1 чэрвеня, пасля завяршэння ацяпляльнага сезона, тарыф на паслугі цеплазабеспячэння для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння быў павышаны яшчэ на 1,1 даляра.

belapan.by