Віцэ-прэм’ер Мацюшэўскі: У нас няма канфлікту поглядаў з МВФ
Паводле першага віцэ-прэм’ера Васіля Мацюшэўскага, беларускі ўрад у сваіх перамовах з Міжнародным валютным фондам перадусім кіруецца гатоўнасцю ўсяго грамадства да рэформ, таму і не спяшаецца з пераменамі. Пра гэта ён сказаў журналістам перад адкрыццём Кастрычніцкага эканамічнага форуму (KEF2017) ў Менску.
— Проста ў нас рызышлося бачанне хуткасці рэалізацыі некаторых дзеянняў. І мы патлумачылі чаму яны разышліся. Бо давайце будзем шчырымі: рэформы дзеля рэформаў — гэта няправільна. Бо рэформы для чаго праводзяцца? Каб павысіць эфектыўнасць чагосьці і атрымаць нейкі вынік. Прычым вынік, які будзе зразумелы і падтрыманы грамадствам. Гэта самае галоўнае, бо калі рэформы не падтрымліваюцца грамадствам і не прымаюцца, дык лепш такіх рэформаў не праводзіць. Ёсць такі добры тэзіс, што дыскрэдытацыя рэформ горшая за іх неправядзенне. Бачанне супадае, мы кажам толькі пра хуткасць рэалізацыі.
У гэтым годзе KEF праходзіць пад дэвізам «Падмуркі будучыні», у ім бяруць удзел чыноўнікі беларускага ўраду, дзяржаўныя і незалежныя эксперты, замежныя і айчынныя эканамісты.
Беларускае Радыё Рацыя