Віцэ-прэм’ер: Расейскі падатковы манеўр прывядзе да падаражання паліва



Правядзенне ў Расеі падатковага манеўру можа прывесці да падаражання аўтамабільнага паліва на ўнутраным рынку Беларусі на 5,7%, заявіў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Ляшэнка 20 снежня на сумесным пасяджэнні абедзвюх палат Нацыянальнага сходу.

Паводле яго слоў, пытанне наступстваў падатковага манеўру з’яўляецца для беларускага ўрада асноўным. „Таму перамовы з Расейскай Федэрацыяй працягваюцца і будуць працягвацца”, — сказаў Ляшэнка.

Віцэ-прэм’ер падкрэсліў, што, згодна з разлікамі ўрада, з-за падатковага манеўру можа адбыцца штогадовае падаражанне нафты для Беларусі прыкладна на 21 даляр за тону з выхадам на сусветныя цэны блізу 2024 года.

Страты двух беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў Саўмін ацэньвае ў наступным годзе ў 240 млн даляраў, зніжэнне паступленняў у дзяржаўны бюджэт — прыкладна 143 млн долараў. Ляшэнка падкрэсліў, што расейскае кіраўніцтва прадугледзела бюджэтны механізм кампенсацыі страт ад падатковага манеўру. „У Беларусі такіх крыніц кампенсацыі няма”, — дадаў ён.

Беларусь вядзе перамовы з Расеяй аб кампенсацыі страт у сувязі з рэалізацыяй РФ падатковага манеўру, які можа прывесці да паступовага выпадзення нафтавых даходаў з беларускага бюджэту. Мінфін чакае, што страты бюджэту ў 2019 годзе могуць перавысіць 300 млн даляраў і ў наступныя гады штогод, да 2024 года, будуць павялічвацца на гэтую суму.

25 снежня запланаваныя перамовы з удзелам Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, цэнтральная тэма якіх — кампенсацыя Беларусі негатыўных наступстваў у сувязі з расейскім падатковым манеўрам. Раней Мінфін Беларусі заявіў, што Расея заблакавала абмеркаванні гэтага пытання.

belapan.by