Віцебскае прадпрыемства „Чырвоны Кастрычнік” закрылася на карантын



Віцебскае абутковае прадпрыемства „Чырвоны Кастрычнік” не працуе з-за карантыну, паведамілі БелаПАН у холдынгу „Марка”, у склад якога ўваходзіць прадпрыемства.

Паводле слоў прадстаўніка холдынга, прадпрыемства закрытае на карантын з 14 сакавіка па 3 красавіка.

Прадстаўнік віцебскага прадпрыемства „Белвест” паведаміла, што прадпрыемства працуе, але для пабочных уваход забаронены. Праводзяцца прафілактычныя мерапрыемствы па недапушчэнні распаўсюджвання каронавіруса.

Холдынг „Беларуская гарбарна-абутковая кампанія „Марка” — адзін з самых буйных вытворцаў абутку сярод краін СНД. У склад холдынга ўваходзяць арганізацыі, якія спецыялізуюцца на вытворчасці абутку (кіруючая кампанія холдынга „Беларуская гарбарна-абутковая кампанія „Марка”, „Чырвоны Кастрычнік”, „Вердзімар”), сумак і скургалантарэі („ВітМа”), футра і швейных вырабаў з яго (Віцебскі футравы камбінат).

СТАА „Белвест” — беларуска-расейскае прадпрыемства. Асноўныя напрамкі работы: вытворчасць абутку, раздробны гандаль абуткам, аксэсуарамі і спадарожнымі таварамі. Прадпрыемства створанае ў 1988 годзе. У яго вытокаў стаялі два вытворцы абутку — віцебская фабрыка „Чырвоны Кастрычнік” і нямецкая кампанія Salamander. Сёння „Белвест” выпускае 2 млн пар абутку за год. Раздробная сетка налічвае больш за 350 фірмовых магазінаў у Беларусі, Расеі і Латвіі. У кампаніі працуе каля 4.000 супрацоўнікаў.