Віцебскія ІП не адмяняюць свой выезд у Менск 15 лютага



Віцебскія прадпрымальнікі не згодныя з тым, што аб’яднанне «Перспектыва» адклікала заяўку на масавую акцыю, якая мела адбыцца 15 лютага. Іхны галоўны аргумент такі: рашэнне пра мітынг прымаў форум прадпрымальнікаў, а не асобна «Перспектыва». Многія з віцебскіх прадпрымальнікаў абураныя рашэннем “Перспектывы” і тым, што нехта адзін вырашае за ўсіх. Таму яны  вырашылі, што 15 лютага, як і збіраліся, паедуць у Менск, каб правесці не мітынг, а сход прадпрымальнікаў. Час збору — так як і было прынята: а 12-й гадзіне. Месца пакуль яшчэ не вызначана.

Як распавяла нам Ірына Яскевіч, каардынатар аргкамітэту па стварэнні прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам», кірмашы і гандлёвыя цэнтры ў Віцебску па-ранейшаму стаяць амаль пустыя. Прадпрымальнікі не могуць працаваць ва ўмовах дзеяння ўказу № 222 і не адчуваюць дапамогі, якую абяцалі мясцовыя ўлады на сходзе 28 студзеня.

Кажа Ірына Яскевіч:

– Не трэба знішчаць нашыя працоўныя месцы. Мы амаль апошнія грамадзяне нашай краіны, якія яшчэ спрабуюць зарабляць і плаціць у казну. Няма ніякага лагічнага тлумачэння таму, што зараз адбываецца. Чаму мой тавар, які я не здолела прадаць, я павінна вывезці з краіны, або яшчэ раз у сябе купіць пад 20%, ці пад 35%.

Паводле Ірыны Яскевіч, на ніводзін са сваіх лістоў, накіраваных і да мясцовых, і да рэспубліканскіх уладаў, віцебскія прадпрымальнікі не атрымалі адказу.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя