Вольга Кавалькова: 2014-ы – год непрадуманых законаў і норм
Гэты год увойдзе ў гісторыю як год непрадуманых законаў і норм, мяркуе каардынатар аргкамітэту па стварэнні партыі „Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” ў Менску Вольга Кавалькова. Сярод такіх законаў яна называе павелічэнне падатковага збору да 13%, 30%-ы збор пры набыцці валюты, забарона з 1 сакавіка гандлю без дакументаў і сертыфікатаў якасці і штрафы за парушэнні.
– Я як юрыст бачу, што ў канцы прошлага году і пачатку гэтага ўладамі прыняты шэраг законаў, якія парушаюць правы і простых грамадзян, і прадпрымальнікаў Беларусі, значна павялічваюць падаткі, якія мы аплочваем, то бок усё робіцца для таго, каб яшчэ пагоршыць адчуванне бізнесу, каб прыбытак простых людзей быў меншым. Таму я лічу, што дзяржаве трэба ў іншы бок накіроўваць свае законы, каб лягчэй было жыць, а не цяжэй.
У гэты ж разрад законаў Вольга Кавалькова залічае – забарона з 1 сакавіка на выкарыстанне страхаўшчыкамі замежнай валюты, павелічэнне з 1 студзеня мінімальнага стажу для прызначэння працоўных пенсій з 10 да 15 год, вяртанне аплаты зямельнага падатку арганізацыям, якія ўжываюць спрошчаную сістэму падаткаабкладання ды іншыя.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя